Дональд Туск распавёў пра планы аховы дзяржаўнай мяжы
Прэм’ер заявіў пра намер бліжэйшым часам наведаць усходнюю мяжу, каб пагутарыць, у тым ліку, з прадстаўнікамі пагранічнай службы.
“Мы зробім усё, каб ахова граніц была эфектыўнай і жорсткай, калі гэта неабходна, і ў той жа час каб не парушаліся асноўныя гуманітарныя правы чалавека. Асабліва, калі гаворка ідзе пра самых слабых”, — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння ўрада, якое прайшло 3-га студзеня.
Заява была зроблена ў адказ на пытанне аб практыцы “незаконных выцясненняў на польска-беларускай граніцы”.
Паводле Туска, “ёсць мяжа паміж тым, што з’яўляецца неабходным дзеяннем памежнай службы, каб перашкодзіць людзям [нелегальна] перасякаць нашу мяжу,.. і дзеяннямі, якія многімі будуць лічыцца жорсткімі або супрацьзаконнымі”. Прэм’ер заявіў пра намер бліжэйшым часам наведаць усходнюю мяжу, каб пагутарыць, у тым ліку, з прадстаўнікамі пагранічнай службы, паведамляе “Позірк”.