Вольга Івашына: Над палітвязнямі адбываюцца здзекі
Вольга лічыць, што палітзняволеным робяць адмысловы рэжым знаходжання.
Вольга Івашына, жонка палітзняволенага Дзяніса Івашына, перадае ў сацыяльных сетках інфармацыю пра тое, што над палітзняволенымі ў гарадзенскай турме адбываюцца здзекі і катаванні.
![](https://www.racyja.com/wp-content/uploads/2022/01/93_main.jpg)
Па яе словах некаторых палітвязняў катуюць холадам:
– Мікалай Аўтуховіч пакутуе ад моцнага холаду. Сядзіць у трох шкарпэтках, спіць ледзь ні ў куртцы. Холад пастаянны. Калі яго прывезлі, быў спачатку каранцін, і, відаць, ён там і застаўся. Сітуацыя прыкладна як і Галіны Дзербыш, яна там ужо некалькі месяцаў, больш за паўгода, адна сядзіць.
Вольга лічыць, што палітзняволеным робяць адмысловы рэжым знаходжання.
– Чалавек пакутуе, здароўе пагаршаецца. Лекі сваякі не могуць своечасова перадаваць, чыняць нейкія перашкоды. Нейкія заявы трэба пісаць, ледзь не за паўгода, пісаць, што табе спатрэбіцца, можа яе прымуць, а можа яна куды-небудзь знікне. Вось такія ўмовы. І ў Уладзіміра Гундара таксама. Не могуць лекі перадаць. Кажуць, нібыта ўсё, што патрэбна, у іх ёсць. На колькі гэта праўда, праверыць немагчыма.
Муж Вольгі Івашынай знаходзіцца за кратамі гарадзенскай турмы з сакавіка 2021 года, калі яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Апошнія чатыры месяцы жонка і маці Дзяніса не атрымліваюць ад яго лістоў.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя