Мясцовыя жыхары просяць не разбураць Трактарны пасёлак
Мясцовыя жыхары Трактарнага пасёлка накіравалі ў Адміністрацыію Партызанскага раёна і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зварот з 176 подпісамі з просьбай адмяніць рашэнне аб зносе 2-павярховых дамоў у пасёлку, у .т.л. у квартале вуліц Стаханаўскай, Клумава, Шчарбакова, Чабатарова, знос якіх ужо рыхтуецца.
Аўтары зварота адзначаюць, што праект зносу дамоў і забудовы тэрыторыі новымі 5–7-павярховымі дамамі быў зацверджаны 10 гадоў таму, пасля чаго ён састарэў і быў скарэктаваны, што, на думку аўтараў звароту, патрабуе новага грамадскага абмеркавання праекта. Акрамя таго, у звароце гучыць просьба да мясцовых улад здзяйсняць рамонт астатніх дамоў у пасёлку з захаваннем іх архітэктурнай аздобы.
Напрыканцы звароту аўтары ліста просяць кіраўніка адміністрацыі пасадзейнічаць усталяванню памятнага знака, прысвечанага заснаванню пасёлка і яго гісторыі (пасёлак будаваўся адным з першых у разбураным вайной Мінску і фактычна з'яўляецца аднагодкам перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне).
Тым часам, адселеныя 2-павярховыя дамы ў квартале вуліц Стаханаўскай, Клумава, Шчарбакова, Чабатарова ўжо абгарадзілі для правядзення дэмантажных работ, на дадзеным этапе вымаецца сталярка.
Актывісты, мясцовыя жыхары і неабыякавая грамадскасць спадзяюцца, што іх шматлікія просьбы, звароты, петыцыі будуць пачутыя ўладамі і горад пазбегне чарговага канфлікту і супрацьстаяння.