Памяць пра 2020 год: Рада культуры VS Міністэрства культуры
„Тэма дня“ Севярына Квяткоўскага
На сайце Міністэрства культуры РБ вісіць абвестка пра творчы конкурс. У першых шэрагах тэма, якая ў арыгінале завецца так – «Героизм сотрудников правоохранительных органов в ходе событий августа 2020 года в Беларуси».
Захады Міністэрства культуры былі бы смешнымі калі б не адна акалічнасць – вось ужо чацверты год няма мастацкай ці дакументальна-мастацкай стужкі, якая б тлумачыла шырокаму гледачу, у тым ліку з іншых кантынентаў, што ж адбылося ў 2020 годзе. А без такога тлумачэння не магчыма шукаць саюзнікаў ні за мяжою, ні ўнутры краіны.
Так, вы можаце назваць мне стос стужак пра падзеі 2020 году. Але яны дзеляцца на дзве часткі. У меншай мы бачым самарэалізацыю аўтара, а большай – журналісцкія рэпартажы. І там і там трэба ведаць усё знутры, каб разумець што пра што.
Але не забывайцеся, што хоць у 2020 годзе ў пратэстах па ўсёй Беларусі ўзялі ўдзел не менш за мільён чалавек, гаворка пра ўсе акцыі з адзіночнымі пікетамі і дваравымі экшанамі разам, застаецца вялікі пласт людзей, якія не бачылі самыя цынічныя «геройствы» карнікаў у пагонах.
Больш за тое, агромністы пласт відэа прыбраны з ютубу ў мэтах бяспекі людзей у кадры.
Мне ўрэзалася ў памяць карціна калі два дзясяткі кабет схаваліся ў выпадковай кватэры, але ў апошні момант у яе скокнуў ці то амапавец, ці то салдат унутраных войскаў, і раве на кабет, пагражаючы збіццём.
Страх страхам, але хтосьці ўпотайкі здымае ўсё на смартфон.
І гэта сапраўдны гераізм, бо мы ведаем, што жанчын збівалі і па-рознаму катавалі за меншыя «грахі».
Калі вы прыйдзеце ў тую ці іншую фундацыю, якая працуе па тэме Беларусі, з ідэяй зняць фільм пра гераізм мірных беларусаў, а часта беларусак, вам могуць сказаць, што ёсць Рада культуры, яна дасць экспертную ацэнку вашаму праекту.
Хто, як, паводле якіх крытэраў? Думаю, не блага было б у 2024 годзе больш дазнацца пра тых, хто выдаткоўвае фінансы на беларускую культурную дзейнасць. У тым ліку на асэнсаванне і памяць 2020 году.
Я разумею, што для замежніка 2020 год у Беларусі – сівая мінуўшчына, далёкая гісторыя. Але мы мусім настойваць і тлумачыць чаму нашая беларуская памяць і сітуацыя наагул важная ў тым ліку і Еўропе. Бо гэта мы трымаем усходні шыхт, хай сабе ментальны.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя