Куды можа зрушыць Беларусь без Лукашэнкі?
Лукашэнка пачаў год з падпісання правак у Закон пра прэзідэнта, то бок пра сябе і сваю сям’ю.
Спойлер – сам Лукашэнка ўяўляе дзяржаву як сістэму такой, як яна выглядае цяпер. Калі развагі пра будучыню Беларусі раней насілі гіпатэтычны характар, то цяпер сітуацыя крыху змянілася. Лукашэнка пачаў год з падпісання правак у Закон пра прэзідэнта, то бок пра сябе і сваю сям’ю.
Калі скарочана, Лукашэнка падпісаўся пад магчымасцю ўплываць на парламент нават з бальнічнай койкі, хто б фармальна не ачольваў дзяржаву. Таксама падпісаў поўнае матэрыяльнае забеспячэнне сябе і сваёй сям’і. Зразумела, што ўсё названае магчымае пры поўнай недатыкальнасці.
З аднаго боку, мы бачым, што персанажу хапае разумення, што чалавечы арганізм не вечны, нават калі арганізм некаторыя называюць «прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». Вось на гэтых некаторых Лукашэнка і спадзяецца, што яны захаваюць жорсткі аўтарытарызм, а значыць ягонай сям’і не трэба будзе ўцякаць у нетры Афрыкі, каб схавацца ад Закону.
З іншага боку, мітусня відавочна хворага Лукашэнкі выглядае імітацыяй упэўненасці ў заўтрашнім дні.
Радыкальны падзел на «нашы» і «не нашы» бывае толькі падчас грандыёзных зварушэнняў, напрыклад, калі набірае хаду рэвалюцыйны працэс.
Цяпер жа, калі ў Беларусі з дапамогай зброі падтрымліваецца вонкавы спакой, у зацікаўленых бакоў ёсць час прыкінуць што яны будуць рабіць, калі Лукашэнка нарэшце пойдзе пад Божы суд.
Уся піраміда ўлады дыктатара была заточаная пад яго самаго. Персанальны дыктат, не групы кіраўнікоў, ні партыі, ні сацыяльнай групы, а персанальна Лукашэнкі. Які ў сваю чаргу даўно і шчыльна сядзіць на крамлёўскай ігле. І эканамічнай, і палітычнай, а, магчыма, і юрыдычнай – з чамаданамі кампрамату.
І вось піраміда валіцца з галавы. Крэмль на нейкі час выпадае з формулы, бо ніхто апроч Лукашэнкі пад Крэмль, прынамсі адкрыта, не падпісваўся. А таемна, тут мы і пабачым каго ўжо загадзя купілі ці завербавалі.
Але лукашызм як сістэма не ёсць маналітам. З’явяцца і тыя, хто пры нелюбові да беларускасці ў бел-чырвона-белым варыянце не захочуць быць залежнымі ад Масквы. Пакажуць галовы і тыя, хто можа і не надта ідэйны, але рацыянальна за кантакты з Захадам, бо толькі там магчыма зарабіць легальна і застацца незалежнымі.
Цікава ці ёсць хоць бы эскізы плану ў дэмакратычных сіл за мяжой – на выпадак, калі можна будзе заявіць свае правы на ўладу ў Беларусі?
Мы пакуль можам апераваць толькі версіямі і здагадкамі. Але гадзіннік цікае.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя