У Пінску жыве памяць пра Аляксея Дуброўскага
У дзень нараджэння Аляксея Дуброўскага, 2 студзеня, паплечнікі і паслядоўнікі наведалі яго магілу ў Пінску, каб ускласці кветкі і запаліць знічы.
Жыве памяць пра знанага беларускага эколага – абаронцу прыроды Палесся. У дзень нараджэння Аляксея Дуброўскага, 2 студзеня, паплечнікі і паслядоўнікі наведалі яго магілу ў Пінску, каб ускласці кветкі і запаліць знічы.
Эколаг яшчэ за савецкім часам асудзіў у друку меліярацыю Палесся, запачаткаваў стварэнне чатырох заказнікаў і спрычыніўся да развіцця экалагічнага турызму.
Экскурсавод Таццяна Хвагіна ўзгадвае, што гэта была асоба апантаная беларускай прыродай:
– Ёсць такія асобы, як Дуброўскі, якіх ніхто не заменіць. Людзі прагматычныя, яны скажуць, а чаго ён на гэтыя балоты пацягнуўся, а колькі мне за гэта грошай дадуць, а чаго я буду сядзець і перакладаць са шведскай, з польскай, вывучаць. Гэта вось такі чалавек, які імкнуўся да ведаў. На ўсё быў гатовы. У яго была божая творчая іскра.
У часы станаўлення незалежнасці краіны Аляксей Дуброўскі быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета ад дэмакратычнага блоку. Аўтар сотняў артыкулаў па праблемах экалогіі на Палессі, за што ў 2006 годзе атрымаў адмысловую прэмію ад БАЖ. Заўчасна памёр 27 снежня 2011 года.
Беларускае Радыё Рацыя