Ядвігін Ш.: Хутчэй звяры ў пушчы створаць сваю дзяржаву, чым беларускі народ
Сёння 155 гадоў аднаму з самых неадназначных беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя
4 студзеня спаўняецца 155 гадоў аднаму з самых неадназначных беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя, пачынальніку сучаснай беларускай прозы Ядвігіну Ш. (Антону Лявіцкаму, 1869-1922).
Яшчэ напачатку ХХ стагоддзя Ядвігін Ш. у рамане «Золата» выказваў досыць радыкальныя думкі: маўляў, той, хто застаецца працаваць на роднай зямлі, асуджаны на вар’яцтва, смерць, і паратунак толькі адзін – эміграцыя ў ЗША. А ў сваіх вострых іранічных апавяданнях, нарысах, алегарычных казках і прыпавесцях Ядвігін Ш. з нязменным смутнаглядным пастаянствам пісаў пра тое, што беларусы, на вялікі жаль, яшчэ не заслужылі тую свабоду, пра якую так мараць, і хутчэй дзікія звяры ў пушчы створаць сваю незалежную дзяржаву, чым гэты народ.
Ядвігін Ш. вёў актыўнае грамадскае і літаратурнае жыццё, карыстаўся павагай сярод літаратараў. Пісьменнік працаваў сакратаром, загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы», тэхнічным рэдактарам – у часопісах «Саха» і «Лучынка». Пастаноўку п’есы «Злодзей» (1892) Ядвігіна Ш. забаранілі, а яе рукапіс згубіўся. Першае апавяданне празаіка на беларускай мове «Суд» было надрукавана ў газеце «Наша доля» ў 1906 годзе. Пісьменнік – аўтар паэмы (вершаванага апавядання) «Дзед Завала», зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (1912) і «Васількі» (1914), артыкулаў, баек, незавершаных «Успамінаў» (1921) і іншых.
Перагружанасць работай, складаныя матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы сталі прычынай цяжкай хваробы пісьменніка (сухоты). У 1922 годзе Ядвігін Ш. памёр удалечыні ад сям’і, якая засталася за мяжой (ва Усходняй Беларусі), у Вільні, дзе і быў пахаваны на могілках Росы.
Беларускае Радыё Рацыя