Малітва — шаўковая ніць, якая злучае нас з Богам
Усё жыццё хрысціяніна напоўнена малітвай. З яе веруючы чалавек пачынае дзень, чытае яе перад тым, як спажываць ежу. Перад выхадам са сваёй кватэры ці дому, пачынаючы справу і перад адыходам да сну хрысціянін чытае адмысловыя малітваслоўі. Па вучэнні Праваслаўнай Царквы, малітва — гэта зварот розуму і сэрца да Бога, сродак зносін са сваім Тварцом.
Сообщение Малітва — шаўковая ніць, якая злучае нас з Богам появились сначала на Газета Слонімская.
Пра важнасць малітвы гаварылі многія святыя айцы. Свяціцель Ціхан Задонскі кажа: «Як птушка без крылаў і ваяр без зброі, так хрысціянін без малітвы. Маліцеся, каб не ўпасці вам у якую напасць». А наш сучаснік, старац з вострава Заліт, протаіерэй Мікалай Гур`янаў неаднаразова заўважаў тым, хто прыходзіў да яго па параду: «Адзінае табе правіла абавязковае — ранішнія, вячэрнія малітвы і памяннік (маленькая запісная кніжка з імёнамі жывых і памерлых людзей). Астатняе — як пажадаеш і колькі жадаеш. Але менш нельга. Гэта табе будзе крыламі ў Царства Нябеснае».
У таго, хто пакідае малітву, знікае вера, яе месца займае разбэшчанае і бязбожнае жыццё, ад гэтага чалавек хутка пачынае адчуваць адчай і відавочную згубу.
Чаму ў нашым грамадстве столькі заганы, самагубстваў? Некаторыя, каму ўжо больш няма сіл трываць, звяртаюцца да варажбітак ці старцаў. Але прычына ў нас — у нашым малітоўным высіленні. Малітвай мы атрымліваем усе выгоды часовыя і вечныя, душэўныя і цялесныя, незалежна ад таго, годныя мы таго або не. Свяціцель Іаан Залатавуст кажа, што няма нічога мацнейшага за малітву і нават роўнага ёй. «Не столькі бліскае цар, апрануты ў баграніцу, колькі той, хто моліцца, ён упрыгожаны размоваю з Богам». «Як вялікі гонар гутарыць з царом у прысутнасці войска, военачальнікаў, вяльможаў, яшчэ большы гонар — простаму чалавеку з адвагай прыступіць, у прысутнасці анёлаў, архангелаў, серафімаў і херувімаў, у размову з Царом гэтых сіл», — працягвае ён.
Малітва, маючы ўласцівасць дару, дае чалавеку здольнасць валодаць сабой, сваёй увагай. Паступова ўваходзячы пад кіраўніцтвам духоўніка ў малітоўную стыхію, чалавек пачынае любіць і разумець музыку царкоўнаславянскіх спеваў, іх непараўнальную прыгажосць і глыбіню.
Малітоўнае правіла — дыханне Боскага жыцця ў чалавеку. Малітва — гэта сіла, святло, ежа, піццё для душы, наша ахова, вартаўнік ад розных жыццёвых нязручнасцяў. Святыя айцы не ўяўлялі сябе без малітвы, без яе здзяйснення. Яна была галоўнай прыкметай жыцця святых угоднікаў. Успомнім хаця б прападобнага Серафіма Сароўскага, услаўленне якога ў ліку святых сёлета Руская Праваслаўная Царква здзяйсняе 116-ы раз. Ён аддаў свой дух Госпаду падчас малітвы каля абраза «Замілаванне». Малітва — гэта ўзнікненне ў сэрцы пачуцця самаўніжэння, пакорлівасці волі Божай, падзякі, услаўлення, жалю аб грахах і іншых пачуццях, якія ўзносяць чалавека да нятварнага свету.
Тэлевізар, інтэрнэт, іншыя «суцяшэнні» так прыцягваюць да сябе, што глядзіш — сёння пакінуў вячэрняе правіла. З раніцы не хапае часу на сняданак — куды там маліцца! А вечарам ужо няма адмысловага жадання. «Ай! Прапушчу!» — думаем мы і зноў адкладваем. «Нічога дрэннага не здарыцца», — суцяшаем сябе мы. Так незаўважна і губляецца імкненне маліцца.
Успамінаем аб малітве толькі тады, калі зашчыміць сэрца альбо нешта дрэннае здарыцца. Тады просім іншых памаліцца, а самі зноў не маем патрэбы ў малітве. Ніхто з нас не ведае, наколькі мы бедныя ў параўнанні з тым, кім маглі быць, калі б прызвычаіліся жыць у больш цесных зносінах з Богам. Уся таямніца поспеху нашай дзейнасці і дабрабыту ў справах — у той малітоўнай сіле, з якой мы шукаем міласці Божай.
Сообщение Малітва — шаўковая ніць, якая злучае нас з Богам появились сначала на Газета Слонімская.