У чарзе
На жыццёвых скрыжаваннях
Сообщение У чарзе появились сначала на Газета Слонімская.
Малюнак Яўгена Іванова
У Забэцьках чакалі аўталаўку. Летняе сонца падбіралася да полудня і смаліла неміласэрна, таму бабы-пакупніцы, нібы куры, зашыліся пад бэз на надворку Петруся Лапіка і, пасеўшы на лаўцы, якую ён вынес, вялі свае бясконцыя размовы аб усім і ні аб чым.
— Глядзіце, глядзіце, гэныя цапы ўжо сунуцца па віно, — мовіла Сонька Жыліч, кіўнуўшы на Віцьку і Ваську Зарэмбаў, што, падымаючы пыл, накіроўваліся да іх.
Мужчыны былі стрыечнымі братамі, а здавалася, што роднымі, бо вельмі ж былі падобныя: абодва высокія, худыя, лысыя. Абодва працавалі ў Мінску на заводзе, але калі спіліся, жонкі паперлі на малую радзіму. Іхнія бацькі даўно паўміралі, і Віцька з Васькам пасяліліся ў пустых хатах, што стаялі побач. Да пенсіі ім яшчэ было далекавата, таму жылі з выпадковых заробкаў: каму дровы папілуюць, каму плот паправяць, каму хлевушок перасыплюць. Ім плацілі грошы, давалі прадукты, і мужчыны жылі не тужылі. У абноўках не мелі патрэбы, даношвалі тое, што жонкі далі ў пасаг.
Старыя жыхары Забэцькаў былі задаволены, што Віцька з Васькам прыбіліся да роднага берага, хоць і ставіліся да іх з пагардай.
— Ну чаго, дамы, расселіся? — усміхнуўшыся бяззубым ротам, спытаў Віцька. — Свята сёння якое, ці што?
— Але, свята: перанясенне парток у другі куток, — пажартавала Ядзя Лаўрушка. — Аўталаўку чакаем, як і вы.
— Пасуньцеся крыху, я таксама сяду, — Васька гатовы быў прымастакавацца побач. — Ногі баляць…
— Чаго ж яны табе баляць? Ад лежні хіба? — Ядзя пасунулася, даючы яму месца.
— Ён учора ў пустую картапляную яму ўпаў, што за вёскай каля ядлаўцовых кустоў. П`яны быў як цэп, — выдаў брата Віцька. — Гэпнуўся так, што, я думаў, ніколі не ўстане. Ледзь вывалаклі з дзедам Міхасём.
— А ты лепшы? Пра сябе раскажы, пра свае прыгоды…
Браты гатовы былі пасварыцца, але пачуўся гул матора, і з-за павароту па камяністай калдобістай вуліцы выплыла аўталаўка. Бабы ўсталі і, калі машына спынілася, выстраіліся ў чаргу.
— Прапусціце нас першымі! — патрабаваў Віцька. — Вы ўжо, напэўна, наеліся, а мы яшчэ не елі і не пілі, бо не было чаго.
— Няхай бяруць, — дазволіла Зіна Рэпка. — Бяруць і адыходзяць, бо надта ж ад іх нясе перагарам.
Бабы паслухалі, далі доступ да імправізаванага прылаўка.
— Булку хлеба, крывяной каўбасы грамаў дзвесце і тры бутэлькі віна, — заказаў Віцька.
Прадаўшчыца Аксана падала хлеб, зважыла кавалачак крывянкі і падала Віцьку. Той адразу ж перадаў усё брату.
— І віна дай тры бутэлькі.
Тая падала дзве. Віцька прыціснуў да грудзей і працягнуў руку за трэцяй. Але бутэлька ўпала і, ударыўшыся аб камень, разбілася.
— О, здаравейшыя будзеце, калі менш вып`еце!
— Значыць, гэта лішняя была б!
— Апойкі, няма на вас зводу!
Бабы радаваліся, ім прыемна было глядзець, як па ўтаптанай вуліцы разліваецца ружаватае пітво, бо ў саміх мужы, як былі жывыя, не праміналі заглянуць у чарку, апусташаючы сямейны бюджэт.
— За дзве пляшкі палічы, а за трэцюю я плаціць не буду! — катэгарычна заявіў Віцька.
— Але, мы не будзем! — падтрымаў брат.
— Як гэта — не будзеце?! Я ж падала табе ў рукі, а ты не ўтрымаў, ужо і рукі не служаць ад пастаяннага п`янства! — абурылася Аксана.
— Думаеш, надта разумная?! — ажно падскочыў Васька. — Чаму мы павінны плаціць, калі віна гэнага нават не пакаштавалі?!
— То я павінна?! Панапіваюцца да дрыготкі ў руках, усю сілу і розум прапілі ды яшчэ мяне вінавацяць!
— Паважаныя бабы, будзьце сведкамі! — звярнуўся да чаргі Віцька. — Вы ж бачылі, што яна не ў рукі мне падала, а выпусціла бутэльку.
Ад хвалявання і пастаяннага п`янства ягоны твар стаў бардовы.
Бабы маўчалі, бо яны і азірнуцца не паспелі, як бутэлька з барматухай пляснулася вобзем і разбілася. Сведчыць супроць Аксаны было няёмка. Прыстойная жанчына, якую ведалі шмат гадоў, заўсёды выконвае іхнія заказы… Але і сведчыць супроць братоў у такой важнай для іх справе таксама не выпадала. Паломяцца вароты, пацячэ страха ў куратніку ці зробіцца яшчэ што кепскае на сядзібе, да каго пойдзеш? А Віцька з Васькам заўсёды напагатове. Раніцай, пакуль яшчэ не знайшлі што выпіць, папросіш, дасі шкляначку на пахмел і зробяць як трэба. Выходзіла так, што браты проста незаменныя людзі ў вёсцы. А будзеш тут плявузгаць, то потым дзесяць разоў пакаешся…
— Хлопчыкі, Аксанка, не перажывайце! — папрасіла бабка Зімяніха. — Зараз нешта прыдумаем… — Яна паправіла на галаве белую паркалёвую хусцінку, выцерла зморшчанай рукой упалы рот. — Бабы, давайце скінемся па якім рублі, заплацім Аксане за гэну бутэльку, а яшчэ няхай дасць хлопцам другую, цэленькую!
Кабеты пераглянуліся.
— Падумайце, трэба, каб усе засталіся задаволены, тады і нам добра будзе.
Бабы палезлі ў кашалькі, выграбалі дробязь і высыпалі Аксане ў жменю.
— Хопіць, тут ужо больш як на дзве бутэлькі. Калі хочаце, дам яшчэ і два плаўленыя сыркі?
— Давай, Аксаначка! Мы не збяднеем, а хлопцам хоць якая падтрымка.
Засунуўшы ў кішэні сыркі і прыціснуўшы да сябе тры бутэлькі віна, падымаючы пыл старымі красоўкамі, якія больш нагадвалі басаножкі, Віцька пайшоў дадому. За ім з хлебам і крывянкай пацеляпаўся босы Васька. На іхніх тварах праз сіняву праступала радасць…
Сообщение У чарзе появились сначала на Газета Слонімская.