Хітрая
На жыццёвых скрыжаваннях
Сообщение Хітрая появились сначала на Газета Слонімская.
![Хітрая](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2020/03/yurgilevich-2.jpg)
Малюнак Яўгена Іванова
Адэлю Клюковіч з Малых Біцянятаў ніхто не называў ні па імені, ні па прозвішчы. Усё Хітрая ды Хітрая. Проста не магла, каб не падмануць каго-небудзь з вяскоўцаў, ці, іншымі словамі, абвесці вакол пальца. Жыла яна адна, да пяцідзесяці гадоў не стварыла сям`і, не нарадзіла дзіцятка. Так, прынамсі, думалі ў вёсцы. І таксама ўсё з-за хітрасці ды сквапнасці. У маладосці здараліся хлопцы, што былі не супраць узяць замуж, але дзе там!
— Чула, што да цябе на мінулым тыдні сватаўся Лявон Карутка, — сказала аднойчы стрыечная сястра Клаўдзя Журонак.
— Ну дык і што?
— Нічога… Мо замуж пойдзеш? Бо хто надта цябе потым схопіць, такую тоўстую ды рабую?
— Ага, зараз усё кіну і пабягу за яго замуж! Гэнага Лявона не ўкорміш, каб і хацеў, бо гэтакі худы! І вопратка ды абутак рвуцца на ім проста на вачах. А гэта ж усё, мая ты галубка, грошы.
— Ну і няхай! Твой заробак з фермы ды яго шафёрскі… Хіба не пражывяце?
— Што ты мяне сватаеш?! Хочаш, то сабе бяры гэнага Карутку. Акрамя ўсяго іншага, ён і гультай, якіх свет не бачыў. Не хапала мне на галаву гуза!Усе ў яе былі не такія ды не гэтакія. Адзін шмат еў, другі любіў на канапе валяцца, трэці на старонніх баб пазіраў.
— Ну іх усіх к чорту! — прыйшла да высновы Адэля. — Адной лепш, з якога боку ні паглядзі.
Калі размяняла сёмы дзясятак і ў вёсцы стала цяжка спраўляцца з гаспадаркай, яна купіла ў маленькім гарадку кватэру. Каб лягчэй жылося, каб ні плот не рамантаваць, ні дровы не нарыхтоўваць ды на карову не сенаваць. Словам, збыла гаспадарку і пераехала, стала гараджанкай. Але ж праўду кажуць: можна вывезці кабету з вёскі, але нельга вывесці вёску з кабеты.
Так і тут. Апраналася яна па-вясковаму проста, вясной рабіла завіўку і ў самую гарачыню насіла хустку.
Ды тут нечакана лёс павярнуўся да Адэлі другім бокам. Яе праз інтэрнэт знайшла дачка Зіна, якую некалі ў тайне ад усіх пакінула ў радзільным доме. Нарадзіла і пакінула, бо з-за скупасці не хацела траціць грошы, каб гадаваць. Пра мацярынскае пачуццё, якое ў іншых жанчын з`яўляецца яшчэ задоўга да нараджэння дзіцяткі, тут гаварыць не прыходзіцца. Яго не было нават у зародку. Словам, кінула немаўлятка і забылася. Думала, назаўсёды. Ды памылілася. Дзяўчынка, як падрасла, пачала жвавенька шукаць маманю і, дзякуючы інтэрнэту, знайшла. Хоць і не адразу.
Аднойчы летнім адвячоркам, калі старыя бабы сядзелі на лавачцы ля пад`езду, да іх падышло боскае стварэнне жаночага полу. Валасы на галаве былі пафарбаваны ў зялёна-ружовы колер, сінія джынсы настолькі парваныя, што, здавалася, як і трымаліся на худой постаці. Аблезлая расцягнутая майка вісела як на кале.
Выплюнуўшы з роту жвачку, што была раздута вялікім пухіром, дзяўчына прытаптала яе дзіравай красоўкай і спытала:
— Эй, чарапы, ці тут жыве Адэля Клюковіч з Малых Біцянят? Казалі, што тут яна купіла кватэру…
— А чаму пытаеш? Навошта табе гэна Адэля? — бабка Захарыха была вельмі цікаўная.
— Пытаю таму, што гэна мая матка. Кінула мяне, зараза, у радзільным доме, каб яе аб асфальт кідала ды падымала. Думала, схаваецца, спадзявалася, што ніколі не знайду. Ды знайду, хоць з-пад зямлі дастану і прымушу сплаціць мне за ўсе гады, што блукала па свеце як Марка па пекле…
— Тут Адэля, на другім паверсе жыве, — падказала Захарыха.
— Але, на другім. Ты ж, пэўна, не ведаеш, яна замуж выйшла за старога Казіка, што жыве на адной пляцоўцы, — паведаміла гаваркая Міра Сочка. — Мядовы месяц цяпер у іх…
— Мядовы? То будзе ім гарчычны, няхай толькі дабяруся! Я ім пакажу, як трэба жыць на свеце, я ўжо іх правучу! — паабяцала Зінка. — Заплацяць мне за ўсё!
— Наўрад ці, галубка, бо твая матка вельмі хітрая, у яе зімой снегу не выпрасіш. Як толькі пажаніліся, то Казік ёй абновак накупляў цэлы пакет, а сам як хадзіў у падраных портках, так і цяпер ходзіць.
— Хітры Дзмітрый, ды і Саўка не дурак, — скрывілася як ад журавін Зінка. — Вытрасу з гэнай мамкі не толькі грошы, але і душу, калі па-добраму не згодзіцца.
Зінка пасунулася ў пад`езд, а бабы на лаўцы спынілі размовы і навастрылі вушы, бо чакалі, як жа Адэля сустрэне дачку, якая, відаць, ні ў чым не саступала мамцы.
— Плаці за змарнаванае дзяцінства і юнацтва, карга старая! — пачулася з другога паверха. — Прыбяры як Анжаліну Джалі, бо ў мяне, акрамя гэтых рваных джынсаў, нічога няма! І ўсё па тваёй міласці!
— Узяла-такі дачка Хітрую ў абароты! — усміхаючыся бяззубым ротам, мовіла бабка Захарыха. — Гэта ёй не з Казіка здзекавацца.
Не паспелі бабы абмеркаваць навіну, як, на друзачкі разбіўшы акно, на двор вылецела табурэтка.
— Няхай толькі не аддасі грошай, то паляціш следам! — паабяцала Зінка.
— Дам, дам, каб табе дыхнуць не дало! — пісклявым голасам крычала Хітрая. — Бяры ўсё, што маю. Заўтра пенсію атрымаю, то яшчэ дам.
— Заўтра само сабой, а мне сёння трэба! Ідзі вунь да чарапоў, што сядзяць ля пад`езда на лаўцы, няхай пазычаць. Потым аддасі. Я ведаю, што ў цябе грошай нямерана, толькі ў банку на рахунку ляжаць.
Хітрая выскачыла да бабаў. Пад вокам быў чырвоны пісяг, шчака распухла.
— Бабы, не дайце загінуць! Заб`е, каб яе пярун забіў! Нясіце хто колькі можа, заўтра ўсе даўгі пааддаю.
Старыя пашаркалі па сваіх кватэрах, прынеслі хто колькі мог. Ці хацеў.
Праз якой паўгадзіны Зінка выкулілася з пад`езда. Непадалёку ў машыне яе чакалі нейкія хлопцы.
Тым часам з работы ішоў Казік. Бабы расказалі яму ўсё да драбніц. Нагналі такога страху, што ён пайшоў начаваць да брата, а назаўтра падаў Хітрую на развод, пакінуўшы яе на волю лёсу і Зінкі, якая, падобна на тое, будзе штодзень спаганяць з маткі грошы за гаротнае дзяцінства, пакуль не вымантажыць усё да рубельчыка. І хітрасць старой ужо не паможа…
Сообщение Хітрая появились сначала на Газета Слонімская.