Янечка-верацяно
На жыццёвых скрыжаваннях
Сообщение Янечка-верацяно появились сначала на Газета Слонімская.
Больш прыгожай і працавітай дзяўчыны, чым Яня Конаўка, не было не толькі ў іхніх Сасноўках, але і ў навакольных вёсках. Была яна невысокага росту, спрытная, з чорнымі вачамі і такімі ж чорнымі да пояса косамі. Твар белы, як усё адно памыты малаком. За спрыт і рухавасць дзяўчыну называлі Янечка-верацяно, бо ўсюды паспявала, з усім спраўлялася. У далёкія 60-я гады моладзі ў вёсках было шмат, і, мабыць, не знайшлося б такога хлопца, які на вяселлях ды вечарынках не стараўся запрасіць яе на танец. І дадому праводзіць ахвочых было вельмі шмат. Але Янечка, як казалі ў вёсцы, перабірала. Калі вярнуўся з арміі Сцяпан Кавальскі, то яны сталі неразлучныя.
— Ну і кавалера ж сабе выбрала! — казалі вясковыя дзяўчаты. — Ты такая прыгожанькая, спрытная, а ён нібы які бусел — высокі, цыбаты і з твару не вельмі прыгожы.
— Што вы разумееце? — спыняла іхнія кпіны Янечка. — Сцяпан, можна сказаць, мне яшчэ ніхто, а ўжо і дроў нам з мамай навазіў, на цэлую зіму хопіць, папілаваў ды пасек. І атаву сенаваць памог. Ён надзейны ў жыцці, працавіты, а што іншыя прыгожыя, то які толк з іхняй прыгажосці. Сцяпан талковы ў жыцці. Ведаеце ж, што мы з мамкай удзвюх жывем, памагчы не было каму, а цяпер ёсць.
Вяселле згулялі ў пачатку восені, калі вяскоўцы пачыналі капаць бульбу. Янеччына маці старая Ядвіня была вельмі рада, што Сцяпан перайшоў жыць у іхнюю хату, іншымі словамі, стаў прымаком. Маладая жонка не захацела ісці жыць у іхнюю хату, дзе разам з бацькамі былі яшчэ тры браты і адна сястра. Не паглядзеў, што хата ў Ядвіні, так бы мовіць, на падпорках, старая, а ўзімку, як пачнецца завея, то ў ёй проста не ўседзець. Вядома ж, гаспадар не вярнуўся з вайны, каму тут яе рамантаваць?
Сцяпан неўзабаве паднавіў яе як мог, але маладым вельмі хацелася пабудаваць сваю, новую ды дабротную. І яны вырашылі паехаць у заробкі на Поўнач. Пашпартоў тады вяскоўцам не давалі, але Сцяпану неяк удалося, як казалі ў вёсцы, выправіць дакументы і сабе, і жонцы. Не пускала Ядвіня, плакала, але яны ўгаварылі:
— Заробім грошай і прыедзем. Затое хату новую пабудуем, прыгожую, цёплую. Чакай нас… А каб было лягчэй, карову прададзім, бо адна насенаваць не здолееш. Пакінем толькі свіней ды курэй.
Згадзілася Ядвіня, бо што ёй было рабіць? Чакала дзяцей з надзеяй, што ўсё будзе добра.
Так яно і сталася. Некалькі гадоў прабылі на Поўначы Янечка са Сцяпанам і пасля прыезду адразу ўзяліся будаваць хату. Прыхваткамі, канечне, бо трэба ж было хадзіць на калгасную работу, але не за доўгім часам на сядзібе Конаўкаў побач са старой вырасла новая хата. Не хата — дом, самы лепшы ў Сасноўках.
І пачалі ў ёй нараджацца дзеткі. Спачатку два сыночкі, потым дзве дачушкі. Ядвіня гадавала іх і радавалася такому шчасцю, што нарэшце дачакалася сваіх маленькіх, як яна казала жураўлікаў.
І выгадавала. Памерла толькі тады, калі самая меншая Сабіна скончыла сярэднюю школу. Бацькі стараліся, каб усе дзеці атрымалі адукацыю. Сыны сталі інжынерамі, а дочкі — медсёстрамі. Як казалі ў вёсцы, усе зачапіліся ў гарадах. Васіль і Казік засталіся ў Мінску, працавалі на заводзе, а дзяўчаты Іра і Сабіна — у Маладзечне. Усе пажаніліся ды замуж павыходзілі, атрымалі кватэры. Янечка са Сцяпанам жылі ды радаваліся. Трымалі вялікую гаспадарку, каб дапамагчы дзецям і мясам, і ўсім астатнім.
Але ж няўмольная старасць падкралася і да іхняга парога. Першым занямог Сцяпан: сталі балець ногі, не слухаліся рукі. А незадоўга і Янечка-верацяно, якой, здавалася, і зносу не будзе, пачала скардзіцца на боль у паясніцы.
Гаспадарку яны збылі і яшчэ некалькі гадоў трымалі пару курыц і гарластага пеўня.
Але аднойчы, у самым канцы лета, паклікаўшы дадому ўсіх дзяцей, Сцяпан мовіў:
— Не можам мы ўжо самі сябе даглядаць, патрэбна ваша падтрымка. Забярыце хто-небудзь у сваю сям`ю. Хто забярэ, таму застануцца і грошы, што маем, і хата, і ўсё астатняе…
— Ну, бацька, ты нам залатыя горы абяцаеш! — узвілася Іра. — Хату яшчэ прадаць трэба, калі хто купіць. А грошай у вас нябось не мільёны. За іх ды даглядаць двух старых, карміць іх, а неўзабаве, прабачце, і гаршчкі выносіць… Не, я не вазьму!
— Ірачка… — спрабаваў уставіць сваё слова яе муж Яўхім, але жонка адразу, так бы мовіць, заткнула яму рот:
— Сваімі бацькамі будзеш камандаваць, а тут маўчы.
І ён замоўк. Яўхім, спагадлівы і добры, згодны быў, каб цесць і цешча жылі ў іх, але хіба жонка дазволіць?
Другая дачка і сыны таксама наадрэз адмовіліся.
— Ну дык што ж, нам у дом састарэлых прасіцца? — з адчаем мовіў Сцяпан. — На чужыя рукі, на чужую пасцель… Нядобра гэта, дзеткі, грэх вялікі. Чацвёра дзяцей выгадавалі, і ва ўсіх сэрцы халодныя як лёд.
Янечка не мовіла ні слова. Яна залівалася слязамі, і ў некалі прыгожых вачах застыла такая туга і боль, што не выказаць словамі.
— Нас жа ў вёсцы засмяюць, — працягваў далей Сцяпан. — Лічыліся добрай сям`ёй, а тут вунь што выходзіць…
Да глыбокай ночы судзілі ды радзілі сыны ды дочкі і нарэшце вырашылі: даглядаць бацькоў па месяцы. Але не абодвух разам, а па аднам. Іншымі словамі, разлучалі Сцяпана і Янечку назаўсёды.
І разлучылі. Жыццёвыя цяжкасці не разлучылі, а родныя дзеткі змаглі. Толькі на Радаўніцу па слёзнай просьбе прывозілі старых на бацькоўскія магілы, толькі тады на некалькі гадзін змаглі яны абняцца і моўчкі выплакаць горыч разлукі….
Першай памерла Янечка, але Сцяпана не звазілі развітацца з любімай жоначкай. Іра, у якой тады жыў Сцяпан, не дазволіла:
— Тут і так клопатаў шмат, а яшчэ са старым валэндайся!
Не дажыўшы да саракавін, за сваёй Янечкай адправіўся і Сымон.
Сустрэнуцца там, на нябёсах, дзе іх ужо ніхто не разлучыць…
Сообщение Янечка-верацяно появились сначала на Газета Слонімская.