Будаваць водаправод у Пятралевічах запісаліся 107 чалавек
Такая колькасць жыхароў першых і другіх Пятралевічаў, гатовых плаціць, была названа на чарговым вясковым сходзе наконт будаўніцтва водаправода 13 сакавіка.
Сообщение Будаваць водаправод у Пятралевічах запісаліся 107 чалавек появились сначала на Газета Слонімская.
На сход прыехалі старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч, яго намеснік Уладзімір Кот, старшыня райсавета дэпутатаў Алег Таргонскі і начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Уладзімір Цыпурка. У зале таксама прысутнічаў дырэктар Слонімскага водаканала Уладзімір Ямелін.
Усе на сход
У пачатку сходу слова ўзяў Генадзь Хоміч, які вёў размову з прысутнымі да самага завяршэння сустрэчы. Старшыня райвыканкама адзначыў, што ў першых і другіх Пятралевічах пражываюць 379 чалавек у 160 дамах і водаправод патрэбна весці з улікам усіх гэтых домаўладанняў, хаця на цяперашні момант удзельнічаць у фінансаванні праекта пагадзіліся толькі 107 чалавек.
Генадзь Хоміч сказаў, што больш правільна будзе капаць траншэю і цягнуць водаправод напрасткі з Пятралевічаў да Цывіншчыны, каб заколіць трубу з вадой паміж гэтымі вёскамі, ды паведаміў, што ў бліжэйшы час яны правядуць сход з жыхарамі Цывіншчыны на гэту тэму. Кіраўнік раёна паведаміў таксама, што будаўніцтва водаправода ў Пятралевічах павінны ўключыць у сёлетнюю абласную інвестпраграму і з абласнога бюджэту паабяцалі выдзеліць на будаўніцтва 350 тысяч рублёў. Цалкам пракладка трубы абыдзецца прыкладна ў 570 тысяч рублёў, з якіх 200 тысяч пойдзе на ўзнаўленне асфальту ў вёсцы.
Выступаюць Генадзь Хоміч і Уладзімір Цыпурка
— Гродна дасць 350 тысяч рублёў, калі вы будзеце ўдзельнічаць у фінансаванні будаўніцтва. Мы падлічылі папярэдне, што домаўладальнікам патрэбна будзе даплаціць за пракладку цэнтральнай трубы 1000-1200 рублёў. Але гэта прыблізная сума, бо яшчэ няма праектна-каштарыснай дакументацыі. За праект водаканалу патрэбна заплаціць 60 тысяч рублёў. Гэта сума без усялякага для іх прыбытку. І каб яны ўжо пачалі работы, патрэбна пералічыць на рахунак водаканала 10% ад кошту праекта. Мы вызначаемся ўжо канкрэтна па спісе, хто будзе будаваць водаправод, і з гэтага пачынаем. Ствараем кааператыў, альбо без стварэння кааператыва пачынаем працу ў гэтым кірунку. Калі надвор`е будзе спрыяць, то, мяркую, у кастрычніку ўжо могуць пачацца работы, і да канца года цэнтральная труба з вадой у Пятралевічах будзе ляжаць, — абмаляваў план дзеянняў старшыня райвыканкама.
На пытанні прысутных, ці магчыма будзе плаціць грошы за пракладку водаправода часткамі, у растэрміноўку, дырэктар водаканала адказаў, што магчыма растэрміноўка выплаты на паўгода, а вырашацца гэта пытанне будзе з кожным удзельнікам будаўніцтва, хто звернецца ў водаканал з такой просьбай.
Пасля гэтага начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Уладзімір Цыпурка расказаў, што яны хутка распрацуюць і падрыхтуюць узор дамоваў, якія будуць заключацца паміж водаканалам і вяскоўцамі на будаўніцтва водаправода, людзі пералічаць грошы і праца пачнецца. Уладзімір Цыпурка сказаў таксама, што неабавязкова ствараць кааператыў, вяскоўцы могуць працаваць з водаканалам наўпрост, толькі патрэбна выбраць кагосьці галоўнага, хто будзе каардынатарам паміж удзельнікамі будаўніцтва.
На пытанне старшыні райвыканкама, ці згодны вяскоўцы з такой прапановай, усе паднялі рукі. На наступнае пытанне, каго яны выберуць галоўным, людзі назвалі мясцовага дэпутата сельсавета Вячаслава Астапчыка і дружна паднялі рукі. Тады Генадзь Хоміч прапанаваў прызначыць намеснікам Вячаслава Астапчыка грамадскага актывіста Віктара Марчыка, з чым пятралеўцы таксама пагадзіліся.
— Дарагія землякі, давайце не будзем наступаць на адны і тыя ж граблі другі раз, давайце праводзіць у вёску ваду, бо танней ужо не будзе, — звярнуўся да прысутных напрыканцы сустрэчы Вячаслаў Астапчык.
Прысутныя пагадзіліся плаціць.
Сообщение Будаваць водаправод у Пятралевічах запісаліся 107 чалавек появились сначала на Газета Слонімская.