У Мінску ўславілі Кастуся Каліноўскага
У нядзельны вечар 2 лютага ў клубе "Рэпаблік" адбылася ўрачыстая падзея шанавання памяці славутага грамадскага дзеяча і публіцыста Кастуся Каліноўскага. Аддаць даніну памяці у Мінск накіраваліся і слонімцы.
Сообщение У Мінску ўславілі Кастуся Каліноўскага появились сначала на Газета Слонімская.
Праграма мерапрыемства, якую падрыхтавалі арганізатары, магла, як кажуць, задаволіць кожнага. На пляцоўках можна было пазнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі, набыць мерч (дыскі, майкі) ад любімых гуртоў, а таксама адчаканіць сабе памятную манету «Пагоні» на памяць. Яшчэ да пачатку канцэртнага шоу пэўная колькасць людзей магла атрымаць і падпісаць кнігу журналіста беларускай службы «Радыё Свабода» гісторыка Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі». У ёй пісьменнік паспрабаваў па-новаму паглядзець на дзейнасць Кастуся Каліноўскага і падзеі 1863 года.
Самая цікавая частка разгарнулася ў канцэртнай зале. Сем гуртоў рознага жанравага кірунку радавалі слухачоў сваёй творчасцю. Пачалі запальваць натоўп аматараў цяжкой музыкі гурт «У нескладовае» на чале з Раманам Арловым. Потым іх змянілі музыкі з індзі-рокавага калектыву Аtesta. Вакалістка каманды Ульляна Паўловіч дастаткова маладая, але яна са сваімі хлопцамі ўжо паспела заваяваць папулярнасць у беларусаў. Стары Ольса, PAWA, Znich і Rutvica рыхтавалі слухачоў да хэдлайнараў канцэрта. Кожнаму выканаўцу было адведзена па гадзіне выступу. У перапынках разыгрывалі каштоўныя прызы.
Кастусь Каліноўскі
Польскі гурт Żywiołak прыехаў у Мінск спецыяльна па запрашэнні Польскага інстытута ў Мінску. Музыкі набылі папулярнасць пасля таго, як напісалі адну з кампазіцый для гульні World of Tanks. Упершыню за ўсе выступленні гуртоў гледачы прасілі выканаць песню на біс. Не менш запальна выступілі гарадзенскія Dzieciukі, якія выйшлі на сцэну ў спецыяльных майках, на якіх было пазначана «Яська гаспадар 1863». Як паведаміў франтмэн Алесь, на гэты момант каманда перажывае не лепшыя часы. На канцэрт прыехалі са здымным бубначом. Тым не менш і слухачы, і выканаўцы засталіся задаволенымі.
Фэст-ушанаванне памяці героя беларускага народа Кастуся Каліноўскага «UZAJEMNA!» адбыўся ўпершыню. Плануецца, што ў наступным годзе такая дзея паўторыцца.
Сообщение У Мінску ўславілі Кастуся Каліноўскага появились сначала на Газета Слонімская.