Мова і нефантазійнае разважанне
Гаі, пушчы, дубровы — Гэта словы нашай мовы. Прапала мова. Цёмнай ноччу згінула. Не занепакоіліся людзі, не сталі шукаць яе. Праўда, стары скрыпач Янка ў міліцыю хацеў звярнуцца, ды адгаварылі яго суседзі. Неяк пайшоў стары Янка ў лес па грыбы і ў густым бярозавым гаёчку ўбачыў мову. Яна сядзела на парослым зялёным мохам пагорачку і
Сообщение Мова і нефантазійнае разважанне появились сначала на Газета Слонімская.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/11/yakimovich-risunok.jpg)
Малюнак Яўгена Іванова
Гаі, пушчы, дубровы —
Гэта словы нашай мовы.
Прапала мова. Цёмнай ноччу згінула.
Не занепакоіліся людзі, не сталі шукаць яе. Праўда, стары скрыпач Янка ў міліцыю хацеў звярнуцца, ды адгаварылі яго суседзі.
Неяк пайшоў стары Янка ў лес па грыбы і ў густым бярозавым гаёчку ўбачыў мову.
Яна сядзела на парослым зялёным мохам пагорачку і пазірала на неба. Там павольна плылі ўдалеч хмаркі, падобныя да незвычайных белых баранчыкаў.
Янка нясмела кашлянуў. Мова ўстрапянулася і пусцілася наўцёкі, спалохалася, як лясная казулька, якая баіцца чалавека.
Бяжыць, бяжыць, бяжыць,
Не ведае, дзе дзецца,
Убачыўшы людзей,
Быліначкай трасецца.
Не вытрываў Янка і гукнуў:
Ты, мова, не бяжы,
Былінкай не трасіся.
Убачыўшы мяне,
Лагодна усміхніся.
Пачула мова, спынілася і з аглядкай наблізілася да Янкі.
«Створанаму людзьмі, хочацца вярнуцца да людзей», — падумаў Янка і распачаў гаворку:
— Тут, у цяністым лясным гушчары, табе добра, мова?
— Някепска, здаецца. Прыслухайся і шмат пачуеш ты, — адказала мова.
Прыслухаўся Янка.
Паміж дрэў свежы ветрык прабег, з зялёнымі лісточкамі пагуляў, Янкаў твар палашчыў.
«Цый-лі, цый-лі, цый-лі… — данеслася да старога скрыпача звонкае шчабятанне чыжа з хрыплым заканчэннем: — Цыві-ціві-цыві-ціві-кее…»
«Фіць-пілі-фіць, фіць-пілі-фіць, фіць-пілі-фіць…» — паклікаў вастрадзюбага чыжа прыгожы стракаты шчыгол і, не дачакаўшыся, засвістаў, затрашчаў: —
Шчыгліт-шчыгліт-шчыгліт…»
А шэра-карычневая канаплянка падала голас, як пры небяспецы: «Рррыў-рррыў-рррыў…»
Разгладзіліся маршчыны на шчаках у Янкі, блакітнымі, як кветкі васількі, вачыма, ён
глянуў на мову:
— Сапраўды, някепска тут. Але хочацца пачуць ад цябе: чаму ты ад людзей уцякла?
Уздыхнула мова.
— Смяяліся з мяне людзі.
— Якія людзі?
— І чужыя, і свае.
— Спалохалася іх, у лесе вырашыла схавацца?
— Потым пачалі біць мяне. Некаторыя нават нагамі тапталі, — паскардзілася мова.
На вочы Янкі навярнуліся горкія слёзы, затапілі вочы, як вада ўвесну затапляе шырокі заліўны луг, вырваўшыся са свайго імклівага рэчышча.
— Ты стаяў бы і цярпеў бы? — звярнулася да Янкі мова.
— Мабыць, пабег бы куды-небудзь, — выказаўся Янка і нечакана прапанаваў: — Давай разам песню заспяваем, мова!
— Якую? — зацікавілася мова.
— Нашу, пра рэчаньку, — прамовіў Янка і зацягнуў:
Ой, рэчанька, рэчанька,
Чаму ж ты няпоўная?
Люлі, люлі, люлі,
Чаму ж ты няпоўная?
Ажывілася мова і падхапіла:
Чаму ж ты няпоўная,
З беражком няроўная?
Люлі, люлі, люлі,
З беражком няроўная.
А як жа мне поўнай быць,
З беражкамі роўнай плыць?
Люлі, люлі, люлі,
З беражкамі роўнай плыць?
Паляцела, панеслася, гаючай беларускай крынічкай палілася па лесе песня пра беларускую рэчаньку.
— Ты вернешся да людзей? — скончыўшы спяваць, запытаўся ў мовы Янка.
— Вярнуся, калі людзі вернуцца да мяне, — сказала мова.
2019 год
Сообщение Мова і нефантазійнае разважанне появились сначала на Газета Слонімская.