Завулак Будучыні ў Слоніме марыць пра светлую будучыню
Гэтая частка горада магла б стаць адным з самых прыгожых куткоў Слоніма і апраўдваць сваю назву — завулак Будучыні. Але замест гэтага ўжо на працягу дзесяцігоддзяў гэтае месца застаецца самым недагледжаным і забытым. І гэта прытым, што завулак знаходзіцца недалёка ад цэнтра горада.
Сообщение Завулак Будучыні ў Слоніме марыць пра светлую будучыню появились сначала на Газета Слонімская.
![Завулак Будучыні](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/U-zavulku-buduchyni.jpg)
У завулку будучыні
Пра яго не ўспомнілі нават падчас падрыхтоўкі да ўрачыстага святкавання Дня беларускага пісьменства. Незаўважаным і нікому не патрэбным ён застаецца і сёння.
Мінуўшы будынак былой гімназіі, павярнуўшы ў завулак Сінічкіна, а потым на вуліцу Ўз`яднання, я вырашыў спытаць, дзе знаходзіцца завулак Будучыні. Моладзь, хіхікнуўшы, спытала: «А што, у нас хіба ёсць такі?» Людзі старэйшага ўзросту здзіўлена на мяне глядзелі, паціскалі плячамі і ішлі далей. Я ўжо страціў надзею знайсці патрэбны мне адрас, як убачыў на лаўцы бабулю. Пачуўшы маё пытанне, яна ажывілася і пацікавілася, а хто мне там патрэбен, а потым паказала накірунак. Аказалася, я быў амаль на месцы — заставалася прайсці метраў дзесяць і павярнуць за вугал.
![Вароты](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Varoty-u-dvor-1.jpg)
Вароты ў двор
Завулак Будучыні самаіранічна ўсміхнуўся мне, як толькі я на яго ступіў. Яго разбітая дарога была ўсеяная велізарнымі камянямі. Вымытая дажджом каляіна вяла проста да агароджы аднаго з дамоў. Казалі, што раней тут была нават не да канца закапана газавая труба, і людзі з гэтай прычыны пісалі звароты да старшыні райвыканкама. Цяпер жа на мае пытанні пра гэта жыхары завулка адварочваліся і казалі, што ў іх усё добра.
![Дорога разбита](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Asabnyak.jpg)
Разбітая дарога ў завулку
Бязладдзе і безгаспадарлівасць тут мірна суседнічаюць з сучаснымі пабудовамі, добраўпарадкаванымі дамамі, дагледжанымі агародамі і моднымі іншамаркамі. Гарадскі кантраст… Рэальнасць, з якой людзям даводзіцца мірыцца, бо самі яны нічога зрабіць не могуць, а ў мясцовай улады і камунальнікаў ёсць справы і важнейшыя.
![Дарога ў завулку](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/YAshche-daroga.jpg)
Дарога ў завулку Будучыні
«Цяпер суха, але пачнуцца дажджы, і тут будзе ні прайсці ні праехаць», — адзначыла адна з жыхарак, якая пажадала застацца невядомай.
«А што рабіць аўтамабілістам? Нават летам трэба рухацца чарапашым ходам, каб не пабіць падвеску. Увосень і ўзімку — уяўляць страшна. Горка на гэта глядзець, бо мы не горшыя за астатніх. Суседнія вуліцы больш-менш упарадкаваныя, а мы — не. Але каго гэта хвалюе?!» — падводзіць рысу пад размовай іншая жанчына.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/IQCnnAQc6Xk-733x650.jpg)
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/LkP6S3nbRvs-733x650.jpg)
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Vulitsa-733x650.jpg)
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Daroga-733x650.jpg)
Сообщение Завулак Будучыні ў Слоніме марыць пра светлую будучыню появились сначала на Газета Слонімская.