Слонімцы сустрэліся і пагутарылі з праваабаронцамі Алесем Бяляцкім і Віктарам Сазонавым
У суботу, 14 верасня, у Слонім прыязджалі праваабаронцы і пісьменнікі Алесь Бяляцкі і Віктар Сазозаў. Галоўнай мэтай сустрэчы была прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага “Халоднае крыло Радзімы”, якую ён напісаў, адбываючы пакаранне за сваю праваабарончую дзейнасць у Бабруйскай папраўчай калоніі з 2011 па 2014 гады.
Сообщение Слонімцы сустрэліся і пагутарылі з праваабаронцамі Алесем Бяляцкім і Віктарам Сазонавым появились сначала на Газета Слонімская.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Ales-Byalyatski-raspavyadae-svayu-gistoryyu.jpg)
Алесь Бяляцкі распавядае сваю гісторыю
— Да гэтага цынізму ўладаў ніколі нельга прывыкнуць. Ва ўладных і сілавых структурах у той час, калі судзілі Бяляцкага, ужо з’явіўся пласт людзей, якія рабілі кар’еру на апазіцыянерах. І хоць Алесь Бяляцкі не займаўся палітыкай, а разам з сябрамі праваабарончага цэнтра “Вясна” абараняў і дапамагаў тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, яго асудзілі на 4,5 гады. Гэты прысуд нічога агульнага не меў з правасуддзем. Але Алесь не ўпаў у дэпрэсію ў калоніі. Там ён вярнуўся да заняткаў пісьменствам, вынікам чаго і стала кніга, якую мы сёння прывезлі вам у Слонім, — сказаў Віктар Сазонаў у пачатку сустрэчы.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Slonimtsy-sluhayuts.jpg)
Слонімцы слухаюць
Сам аўтар распавядаў, як стараўся пісаць у калоніі хаця б па старонцы ў дзень свае ўспаміны, якія пасля праходжання цэнзуры адпраўляліся на волю і станавіліся праз друк і інтэрнэт даступныя для чытачоў. Так з’явілася кніга “Турэмны сшытак”, а пасля вызвалення з калоніі ў 2014 годзе хутка выйшла з друку і “Халоднае крыло Радзімы”.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Z-knizhkami.jpg)
З кніжкамі
— Пасля плошчы 2010 года, дзе мы, праваабаронцы “Вясны”, традыцыйна былі толькі назіральнікамі, назаўтра з’явіліся дзясяткі палітзняволеных, а потым — сотні рэпрасаваных. Мы адразу пачалі біць ва ўсе званы ў міжнародных структурах і дапамагаць, як толькі можна, вязням і іх сваякам тут. У 2011 годзе, дзякуючы ў тым ліку і нашым намаганням, былі ўведзеныя першыя санкцыі супраць пэўных беларускіх чыноўнікаў. І тады адразу пачалі выпускаць першых палітзняволеных… А мяне ў жніўні таго ж 2011 года пасадзілі ў СІЗА на Валадарцы ў Мінску, а потым далі 4,5 гады калоніі. Так улада ацаніла нашу праваабарончую дзейнасць. Адсядзеў я тры гады і ў 2014 годзе, 21 чэрвеня, зусім нечакана мяне выпусцілі па амністыі. Пашчасціла. Бо з маім букетам парушэнняў рэжыму ўтрымання, мяне не павінны былі выпусціць. Увесь гэты час у калоніі рознымі спосабамі, праз асуджаных і адміністрацыю, на мяне цінулі, каб падпісаў прашэнне аб памілаванні. Але такога я і ў думках не дапускаў… Урэшце, як пасадзілі так і выпусцілі. Выйшаў па амністыі на волю тады адным з першых, — падвёў рысу пад гісторыяй сваёй адсідкі Алесь Бяляцкі.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Zadumalisya.jpg)
Задумаліся
Віктар Сазонаў расказаў, як пасля прысуду Бяляцкаму яны з Уладзімірам Хільмановічам у Гродне выпусцілі і раздавалі на вуліцах гараджанам праваабарончы бюлетэнь, у якім распавядалася гісторыя гэтага прысуду. Тады ж на вуліцы сілавікі схапілі Сазонава, учынілі ператрус у офісе і адначасова ў кватэры, хоць нічога супрацьзаконнага ў раздычы бюлетэню не было. Тыя ператрусы, прызнаўся Віктар Сазонаў, прымусілі яго задумацца пра новыя формы выказвання сваёй салідарнасці і падтрымкі свайму сябру Бяляцкаму, які адбываў пакаранне. І такой формай стала… літаратура. Спачатку гродзенскі пісьменнік і праваабаронца Віктар Сазонаў напісаў апавяданне “Стажор”, потым “Ліст палітвязню”, а затым былі іншыя творы, якія склалі кніжку, прысвечаную Алесю Бяляцкаму. “Самая неабходная ў любой супольнасці рэч — гэта салідарнасць з тымі, хто несправядліва церпіць за сваю дзейнасць на карысць гэтай супольнасці. Лісты з волі палітвязню, мастацкі твор, кніга, прысвечаная твайму сябру, які сядзіць за праваабарончую дзейнасць — гэта і ёсць праявы такой салідарнасці ”, — расказваў Віктар Сазонаў.
Слонімец Віталь Ешану спытаў у Алеся Бяляцкага пра яго ўражанні ад сустрэч з простымі людзьмі ў рэгіёнах. “Паўсюль кажуць, што ад цяперашняга прэзідэнта стаміліся, але заўсёды знойдзецца нехта, хто запытае: “Але калі не ён, то хто?”…Такое гучыць часта”, — быў адказ.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Pytanni-i-adkazy.jpg)
Пытанні і адказы
Міхась Варанец падзяліўся ўражаннямі ад прачытання “Турэмнага сшытка” Алеся Бяляцкага. “Кніжка добрая і патрэбная. Але дрэнна, што ты сядзеў. Лепш каб ты не сядзеў і кніжкі не было. Калі яе чытаў — не хацелася ў турму”, — прызаўся Варанец.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Mihas-Varanets-i-Vital-Eshanu.jpg)
Міхась Варанец і Віталь Ешану
Звярталіся слонімцы да Алеся Бяляцкага з пытаннямі пра выбары, пра магчымыя змены ў Канстытуцыі краіны і іншымі. Закончылася сустрэча аўтограф-сесіяй аўтара “Халоднага крыла Радзімы”.
![](https://www.gs.by/wp-content/uploads/2019/09/Autograf-na-pamyats.jpg)
Аўтограф на памяць
Алесь Бяляцкі таксама даў невялікае інтэрв’ю для “Газеты Слонімскай”, якое з’явіцца пазней у нашай папяровай версіі.
Сообщение Слонімцы сустрэліся і пагутарылі з праваабаронцамі Алесем Бяляцкім і Віктарам Сазонавым появились сначала на Газета Слонімская.