Сінявочка і Антаніна
У дзіцячым аддзяленні Сіняўскай раённай бальніцы амаль ніколі не было цішыні. Хворыя дзеткі капрызнічалі, плакалі, або якое закрычыць у сне. Мамы бралі маленькіх на рукі і, супакойваючы, выходзілі на калідор, бо тут было вальней. Старая дзеўка Антаніна Курыновіч, якая працавала санітаркай, ноччу ні на хвілінку не змружвала вачэй. Сваіх дзяцей яна не мела, то вельмі
Малюнак Яўгена Іванова
У дзіцячым аддзяленні Сіняўскай раённай бальніцы амаль ніколі не было цішыні. Хворыя дзеткі капрызнічалі, плакалі, або якое закрычыць у сне. Мамы бралі маленькіх на рукі і, супакойваючы, выходзілі на калідор, бо тут было вальней. Старая дзеўка Антаніна Курыновіч, якая працавала санітаркай, ноччу ні на хвілінку не змружвала вачэй. Сваіх дзяцей яна не мела, то вельмі любіла чужых, шкадавала іх. Невысокая, зграбная, з доўгай касой чорных валасоў, якую закручвала на патыліцы. Словам, прыгожая.
— Ці то мужчыны ў нашых Сіняўках паслеплі, такой пекнасці не заўважыўшы? — казала медсястра Кірылаўна.
— Ат, патрэбны яны мне як у мосце дзірка, — адмахвалася Антаніна. — Мне каб дзіцятка, то нічога больш у жыцці і не трэба…
— Чуеш, заўтра з радзільнага аддзялення да нас перавядуць маленькую дзяўчынку. Я хадзіла на яе паглядзець. Прыгожанькая такая, здаровенькая. А вочкі сінія, як вясновае неба. Такая мілая Сінявочка і такая нешчаслівая…
— Адмовілася якая верціхвостка?
— Няўжо ж, адмовілася… Ды каб хоць маладая, а то пад сорак гадоў падбіраецца. Колькі дактары і медсёстры ўгаворвалі не кідаць дачушку, усё як гарохам аб сцяну. Я таксама зайшла да яе ў палату і ўшчувала, і прасіла. Дарэмна…
— А што яна кажа?
— Ды нічога. Не хачу забіраць — і ўсё. Бедная дзяўчынка, і што яе цяпер чакае? Дзіцячы дом. Мала надзеі, што хто-небудзь удачарыць.
Антаніна дзяжурыла суткі, і сама прынесла для маленькай ложачак, паслала пасцель і чакала, пакуль акушэрка прынясе сіротку. Рабіла свае шматлікія справы і правароніла, як у ложачку з`явілася Сінявочка. Яна плакала тоненькім галаском, нібы адчувала, што назаўсёды разлучылася з мамкай.
— Можа, яе трэба пакарміць? А можа, баліць што? — з трывогай спытала Антаніна ў медсястры.
— Нічога ёй не баліць. І кармілі ў радзільным аддзяленні нядаўна.
Яны стаялі ля ложка, і Антаніна хацела ўзяць Сінявочку на рукі.
— Не прывучай, бо потым ёй будзе яшчэ горш. У дзіцячым доме такіх шмат, то хіба ўсіх медсёстры змогуць гушкаць на руках? Паплача ды перастане.
І сапраўды, хвілін праз пяць маленькая сціхла і так смешна засапла кірпатым носікам.
— Нелюдзь твая мамка, такую дачушку пакінуць на волю лёсу, каб ёй светлых дзён не бачыць, бессардэчнай, — шаптала кабета. І раптам у яе з`явілася думка, ад якой ажно горача стала. Панесла гэту думку да медсястры Кірылаўны:
— Як вы думаеце, ці магу я ўдачарыць Сінявочку?
— Ну з гэтым пытаннем не да мяне, а ў апеку трэба звяртацца. Спытай у загадчыцы нашага аддзялення, яна больш ведае.
Вераніка Ігараўна, якая таксама вельмі спагадала дзяўчынцы, абнадзеіла Антаніну:
— У прынцыпе можна ўдачарыць, толькі вам гэта будзе вельмі няпроста, бо жывяце адна. Каб быў муж, то іншая справа.
— Я і адна выгадую! У мяне ёсць двухпакаёвая кватэра, што засталася ад бацькоў, ёсць работа…
— Усё правільна. Да таго ж вы цудоўны чалавек, і калі спатрэбіцца мая дапамога ў гэтай святой справе, то можаце разлічваць.
Антаніна ўжо не ўяўляла жыцця без маленькай Сінявочкі. Заходзіла ў палату па некалькі разоў за дзень, брала на рукі, карміла. Наведвалася ў палату і тады, калі ў яе не было дзяжурства.
Мінаў час. Дзяўчынка расла, дужэла, а кабета хадзіла па інстанцыях з адной просьбай:
— Аддайце мне Сінявочку! Дазвольце калі не ўдачарыць, то хоць апякунства аформіць. Я так люблю яе! І імя ўжо дала пяшчотнае і прыгожае як аксаміт — Аксанка…
У чаканні запаветнага дня яна ажно пахудзела, але ў вачах свяцілася такая надзея і такой шчырай была просьба, што ўсякія камісіі нарэшце здаліся:
— Аформім апякунства…
Цёплым летнім днём Антаніна прынесла дачушку дадому. Тут усё было падрыхтавана загадзя: і ложачак, і адзенне, накупляна цэлая гара цацак. А галоўнае — хата была напоўнена мацярынскай ласкай. Ад яе свяцілася ўсё наўкол.
— Заўтра пойдзем да бацюшкі, спытаем, калі ён зможа цябе пахрысціць, — казала Аксанцы, нібы тая нешта разумела. — Нельга чалавеку жыць нехрышчоным. Я ўжо надумалася, каго вазьму ў хрышчоныя бацькі. Радні не маю, то папрашу медсястру Кірылаўну і суседа Антона. Яны добрыя людзі, дастойныя.
Бацюшка ўхваліў намер Антаніны і ў нядзельку ахрысціў маленькую, надзеў ёй на шыйку крыжык, каб абараняў ад хвароб і ўсякага ліха.
— Вось цяпер не толькі я табой апякуюся, родненькая мая дачушка, але і Бог, — са слязамі радасці на вачах казала Антаніна.
…Шмат вады ўцякло з той пары. Аксана вырасла, вывучылася на настаўніцу і працавала ў той школе, у якую некалі хадзіла сама. Яна выйшла замуж за свайго калегу, нарадзіла сыночка.
Аднойчы ў канцы навучальнага года ў школу прыйшла незнаёмая пажылая кабета. Шыкоўна апранута, з прыгожай прычоскай.
— Я шукаю Аксану Курыновіч… — сказала прыбіральшчыцы, якая была на калідоры.
— А вунь Аксана Казіміраўна, — кіўнула тая ў бок маладзіцы, што выходзіла з класа. — А вы хто будзеце?
— Мама яе…
— Аа-а, тая зязюлька, што некалі кінула, а цяпер прыперлася! Не ты яе мама, а наша Антаніна Андрэеўна. Зразумела?!
— Аксаначка, крывіначка мая! — кінулася да маладзіцы прышлая кабета.
— З`явіліся-такі, спахапіліся… Мая мамачка ўсё расказала, так што ідзіце туды, адкуль прыйшлі, і больш ніколі не трапляйце мне на вочы!