Сям`я з Нью-Ёрка шукае сваякоў і знаёмых у Слоніме
Нядаўна да мяне паступіла просьба ад Майкла і Шэйла Леві з Нью-Ёрка, у якой людзі просяць дапамагчы расшукаць хоць якую-небудзь інфармацыю пра адну яўрэйскую сям`ю.
Сям`я гэта жыла ў Слоніме перад вайной ды, імаверна, загінула на Пятралевіцкай гары, дзе падчас вайны былі расстраляны тысячы яўрэяў і людзей іншых нацыянальнасцей.
Майкл і Шэйла Леві даслалі некалькі даваенных слонімскіх фотаздымкаў і прасілі паспрабаваць высветліць месца, дзе фотаздымкі былі зробленыя. Хутчэй за ўсё на фотаздымках адлюстраваны сённяшні мікрараён Альбярцін. Тут і фатаграфавалася яўрэйская сям`я са Слоніма. А магчыма, на здымках адлюстравана іншае месца. Але больш за ўсё яно нагадвае Альбярцін.
Таксама Майкл і Шэйла Леві з Нью-Ёрка хацелі б расшукаць мясцовых жыхароў, якія асабіста ведалі дзяўчынак, адлюстраваных на гэтых здымках — сёстраў Блюмі ды Любу (Лібэ) Бублацкіх, альбо нешта чулі пра іх ад сваіх бацькоў ці суседзяў.
Калі такія людзі яшчэ жывуць на Слонімшчыне, просьба паведаміць у рэдакцыю «Газеты Слонімскай».
Фота з архіва сям`і Леві