Лагатыпам вадаёмаў Мастоўшчыны стане вясёлы рак
На пачатку гэтага года было абвешчана аб пачатку рэалізацыі трэцяга праекта мастоўскай улады з Еўразвязам. Праект мае назву «Удзел грамадскасці і эфектыўнае кіраванне воднымі рэсурсамі ў Мастоўскім раёне».
Сума праекта ўражвае — 645 тысяч еўра. На першым этапе неабходна было прыдумаць малюнак воднага персанажа, які будзе выкарыстаны для лагатыпу сферы кіравання воднымі рэсурсамі. Вучням школ раёна было прапанавана прыдумаць і намаляваць персанаж, які ў будучыні будзе размешчаны на інфармацыйных матэрыялах праекту, банэрах, білбордах на тэму водных рэсурсаў Мастоўшчыны.
Малюнак Вікторыі Здановіч стаў асновай для лагатыпа воднага праекта Мастоўшчыны
У конкурсе прыняло ўдзел 30 прац. Журы вызначыла шасцярых пераможцаў. Аднак першае месца — за Вікторыяй Здановіч і Аляксандрам Каблуковічам з СШ №2 Мастоў. Іх малюнак лёг у аснову лагатыпу болей як паўмільённага ў фінансавым плане праекту.