Пра таямніцы слонімскай ратушы, Тэатральную плошчу, азярніцкіх габрэяў і ўцёкі слонімцаў з СССР
Трэці нумар электроннага гісторыка-краязнаўчага бюлетэню "Слонімскі край" днямі пабачыў свет.
Пачынаецца нумар артыкулам яго рэдактара Сяргея Ярша «Тэатральная плошча», дзе вядзецца гаворка пра грамадзянскую ініцыятыву перайменавання цяперашняй плошчы Леніна ў Слоніме ў Тэатральную. «У гэтым перайменаванні няма ніякай палітыкі ці ідэалогіі, няма ніякага жадання кагосьці пакрыўдзіць. Тут ёсць выключна мэтазгоднасць», — піша аўтар. Калі б так сёння думалі тыя, хто прымае рашэнні, то Дзень беларускага пісьменства і друку Слонім, безумоўна, сустрэў бы з Тэатральнай плошчай. Аднак на гэты конт ёсць вялікія сумненні. Зрэшты, хутка ўжо павінна быць агучана ўладнае рашэнне па гэтым пытанні.
Вялікі артыкул пра таямніцы Слонімскай ратушы напісаў у гэты нумар Сяргей Чыгрын. Матэрыял багата аздоблены фотаздымкамі.
Працягвае весці чытача «Шляхамі Ордаў», якія праходзілі праз Слонімшчыну, гісторык Святлана Брайчук. Гэта вялікае даследаванне выдаўца бюлетэню пачалі друкаваць у мінулым нумары і абяцаюць працягнуць у наступным.
Пад рубрыкай «Хроніка» чытач даведаецца, што ў суседнім са Слонімам Дзятлаве ўсталююць помнік заснавальніку гэтага горада Канстанціну Астрожскаму.
Генадзь Гурскі піша пра ўцёкі слонімцаў з СССР перад Другой сусветнай вайной.
Пра сваю родную вёску Азярніца, яе жыхароў-габрэяў і не толькі, даваеннае жыццё і гандаль распавядае ў вялікім матэрыяле Міхаіл Шуляк.
Таксама ў гэтым нумары можна пачытаць пра гісторыка з Варшавы Аляксандру Бергман, якая даследавала нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, і яе артыкул пра Аляксандра Багданчука.
Сяргей Чыгрын напрыканцы нумара друкуе фота слонімскіх дзяцей 30-х гадоў ХХ ст.
Сакавіцкі нумар «Слонімскага краю» атрымаўся багатым на вялікія даследаванні. А пачытаць яго можна тут.