_____________________ Пастаўскі краязнаўчы музей Пастаўскі раённы краязнаўчы музей знаходзіцца ў г. Паставы Віцебскай вобласці. Музей знаходзіцца на плошчы Леніна ў двухпавярховым будынку — помніку архітэктуры 18 стагоддзя. Заснаваны ў 1974 годзе. Экспазіцыйная плошча складае 175 м2, на лічваецца каля 7000 экспанатаў асноўнага фонда. На першым паверсе музея — зала прыроды. Тут можна пазнаёміцца з раслінным і жывёльным светам Пастаўшчыны, дзякуючы маляўнічым панарамам, шматлікім чучалам птушак і звяроў, калекцыям насекомых, гербарыям і інш. У гэтай жа зале размешчаны археалагічныя знаходкі: жалезня скрабкі, нажы, шыла, каменныя і жалезеныя сякеры, рэшткі глінянага посуду. Асобую зацікаўленасць выклікаюць знойдзеныя каля г. п. Лынтупы Пастаўскага раёна косткі маманта. На другім паверсе музея ва ўтульных залах гісторыі і этнаграфіі можна пазнаёміцца з археалагічнымі знаходкамі 18 стагоддзя, з кладам нідэрландскіх талераў і ортаў 17 стагоддзя, салідамі Вялікага княства Літоўскага. Шматлікія экспанаты распавядаюць пра жыццё ў Паставах у 18-19 ст., у часы Расійскай імперыі, пра перыяд Першай Сусветнай Вайны, польскай акупацыі (пашпарты, грошы, медалі, кнігі і інш.). У экспазіцыі Вялікай Айчыннай Вайны размешчаны дакументы, фотаматэрыялы пра дзейнасць партызанаў і падпольшчыкаў, іх асабістыя рэчы, а таксама партызанскі мінамёт, снарады, тэлеграфны апарат і шмат іншага. Асобай папулярнасцю наведвальнікаў карыстаюцца залы этнаграфіі, інтэр’ер сялянскай хаты. Тут прадстаўленыя тыповыя для Пастаўшчыны малёваныя і тканыя дываны, вышыўкі, кераміка, вырабы з лазы і саломы, медны посуд, і шмат іншых прадметаў быта, а таксама вырабы народных майстроў Пастаўшчыны. Экскурсіі праводзяць супрацоўнікі музея на беларускай і рускай мовах. по материалам источника: http://postavy.euro.ru/museum.html ___________________________________ ДОМ РЕМЕСЕЛ Канцэпцыя сёлетняга фестывалю не змянілася: па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі арганізатараў была народная музыка і творчасць ва ўсіх яе праявах. Але здзівіць у іх атрымалася ў першую чаргу дзякуючы новым формам правядзення мерапрыемстваў. Як прыклад — творчая сустрэча, якая адбылася ў Доме рамёстваў 8 чэрвеня і адначасова сабрала прыхільнікаў фатаграфіі, мастацтва і літаратуры. “Паралелі” Такую назву мае арыгінальны праект вядомага беларускага фотамастака Сяргея Плыткевіча. Аўтар некалькі разоў наведваў Паставы і літоўскі горад Рокішкіс, каб параўнаць жыццё па абодва бакі мяжы. Вынікам працы сталі некалькі дзясяткаў фатаграфічных пар, з якімі гледачы маглі азнаёміцца падчас імпрэзы. На адной з такіх падвоеных карцін у цэнтры ўвагі ўзараная глеба — беларуская і літоўская. — Я імкнуўся паказаць, што мы жывём на абсалютна аднолькавай зямлі, — патлумачыў Сяргей Міхайлавіч. — Але лёсы нашых краін склаліся па-рознаму, і гэта адбілася на характарах людзей, іх стаўленні да з’яў рэчаіснасці. Так, у нас аднолькава велічныя касцёлы, аднолькава прафесійныя майстры. Але, напрыклад, некаторыя гістарычныя з’явы мы трактуем па-свойму, таму на плошчах гарадоў устаноўлены розныя помнікі. “Паралелі” — першы падобны праект Сяргея Плыткевіча. Дарэчы, у фатаграфічных колах ён чалавек надзвычай вядомы: з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Дзікая прырода”, дырэктарам выдавецтва “Рыфтур”, старшынёй грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”, аўтарам альбомаў “Мая Беларусь”, “Беларуская экзотыка”, “Нечаканая Беларусь” і іншых. Ставіць на праекце кропку аўтар не збіраецца. Тым больш што ў Паставах бывае нярэдка: яго надзвычай вабіць наша маляўнічая, багатая на гісторыю і славутасці зямля. Дом рамёстваў? Дом мастацтваў! Ад фатаграфій — да карцін, якія размешчаны ў суседняй галерэі. …У восеньскіх фарбах патанаюць Паставы, Лучай, Камаі, вёсачка Каралінова. І хоць гэтыя храмы бачыла ў жыцці незлічоную колькасць разоў, адарваць захоплены позірк не магу — настолькі разнапланава, арыгінальна і, безумоўна, прафесійна выкананы работы. Іх аўтары — беларускія мастакі з Мінска, Віцебска, Жодзіна, Навагрудка і іншых гарадоў, якія ў кастрычніку мінулага года ўдзельнічалі ў арганізаваным у нашым раёне пленэры. Ён быў прысвечаны 180-годдзю жывапісца, рысавальшчыка, даследчыка гісторыі і культуры Альфрэда Ромэра, лёс якога цесна звязаны з нашым краем. Упершыню гэтыя карціны былі паказаны грамадскасці ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў — галоўнай мастацкай пляцоўцы Беларусі. На адкрыцці выставы, якое адбылося 23 красавіка, прысутнічалі і арганізатары пленэру, і амаль усе яго ўдзельнікі. На працягу тыдня экспазіцыя была даступная сталічнаму гледачу, які не пераставаў выказваць словы шчырага захаплення нашымі маляўнічымі мясцінамі. І вось мастакі вяртаюцца на Пастаўшчыну зноў, каб прадэманстраваць вынік пленэру на яго радзіме. — Калі мы пад’язджалі да Пастаў, сэрцы перапаўнялі надзвычай светлыя і цёплыя пачуцці, — прызнаўся ініцыятар і куратар праекта, прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога культуры і мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта мастацтваў Уладзімір Рынкевіч. — І не толькі ад таго, што мы бачылі знаёмыя вуліцы і будынкі. Найперш таму, што ехалі да шчырых, добразычлівых людзей, якія арганізавалі такі выдатны пленэр і стварылі ўсе ўмовы для нашай плённай працы. Мастакі працавалі ў раёне тыдзень. І хоць дажджлівае надвор’е трымала іх у напружанні, вынік парадаваў усіх. І працягне радаваць пастаўчан і гасцей горада яшчэ доўга: кожны з мастакоў падарыў нашаму гораду па адной карціне (усяго — 15). Яны стануць асновай для стварэння ў пастаўскім Палацы Тызенгаўзаў карціннай галерэі (яна, дарэчы, была там і раней). Дароўныя дакументы на пастаяннае захаванне работ у Паставах падпісалі Уладзімір Рынкевіч і дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Раіса Курачэнка. Пленэр паказаў: адраджэння патрабуе не толькі імя Альфрэда Ромэра, але і яго сядзіба ў вёсцы Каралінова (Камайскі сельсавет). Менавіта туды накіраваліся мастакі і арганізатары пленэру пасля завяршэння сустрэчы ў Доме рамёстваў. Мэта — прыняць удзел у адкрыцці памятнай дошкі. Тое, што яна з’явілася на гэтым запусцелым будынку, — ужо маленькая перамога мастакоў над каварным часам, які сцёр з гістарычнай памяці дзясяткі славутых імёнаў. — Культурная спадчына Пастаўшчыны патрабуе яшчэ большай увагі, — адзначыў старшыня аргкамітэта фестывалю Тадэвуш Стружэцкі. — Наша звышзадача — пераўтварыць сядзібу Альфрэда Ромэра ў цэнтр сучаснага мастацтва, у які з’язджаліся б на пленэры творцы з Беларусі і замежжа. Першыя крокі да гэтага зроблены, а яны, вядома, самыя важныя. Сіла — у слове Заключнай часткай мерапрыемства стала літаратурна-музычная імпрэза “Музыка паэтаў”. Яе ганаровымі гасцямі сталі вядомыя майстры беларускага слова — паэт, публіцыст, галоўны дырэктар замежнага вяшчання “Беларускае радыё” Навум Гальпяровіч і пісьменнік, краязнаўца, перакладчык, намеснік старшыні рэспубліканскага Савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч. — Я ў Паставах упершыню, але добра ведаю гэты край па творчасці мясцовых літаратараў, — прывітаў прысутных Навум Гальпяровіч. — Радасна, што ваша літаратурнае аб’яднанне “Світанак” жыве, развіваецца, дорыць сваім прыхільнікам новыя творы і сустрэчы. Шмат пытанняў да гасцей было ў вядучай мерапрыемства — бібліятэкара Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі Людмілы Сяменас. — Як Вы можаце ахарактарызаваць стан сучаснай беларускай літаратуры? — пацікавілася яна ў першую чаргу. — Літаратура перажывае няпростыя часы, — выказаў сваю думку першым Навум Якаўлевіч. — На гэта ёсць шмат прычын. Але самая галоўная, думаецца, у тым, што многія аўтары палічылі: літаратуру ствараць надзвычай лёгка. Так, выдаць кнігу сёння не праблема: былі б грошы — і ты “пісьменнік”. Вось і атрымліваецца, што паліцы бібліятэк усё больш запаўняюцца “самвыдатам”, які не заўсёды папулярны сярод чытача. Навум Гальпяровіч перакананы, што родная літаратура павінна стварацца на роднай мове. Іначай у чым яе сіла? І хутка прадэманстраваў усю прыгажосць і вобразнасць беларускай мовы, прачытаўшы ўласныя вершы. У гэтым яго падтрымалі і члены раённага літаратурнага аб’яднання “Світанак” — Воля Лісіцкая і Наталля Карнілава, якія таксама прадэкламавалі свае паэтычныя творы. Адно з наступных пытанняў да вядомых літаратараў датычыла гісторыі і яе пераасэнсавання. — Беларусы — нацыя донараў, — перакананы Анатоль Бутэвіч. — Мы падаравалі свету безліч таленавітых людзей. І сёння мала хто за мяжой ведае, што звязвае з Беларуссю Касцюшку або Дамейку. Не трэба штосьці даказваць на ўвесь свет, варта з дасведчанасцю зазірнуць у гісторыю і павярнуць яе на сваю карысць. Калі не будзем гультаяваць, то знойдзем шмат цікавага, неспазнанага. Упэўнены: гісторыя прыхавала безліч сюжэтаў для новых фільмаў і кніг. Пра гэта Анатоль Іванавіч ведае не па чутках: сам даўно распрацоўвае гістарычную тэматыку. “Каралева не здраджвала каралю”, “Таямніцы Нясвіжскага замка” — на сустрэчы ён нямала расказаў пра гэтыя творы. Але не толькі госці знаёмілі прысутных з уласнымі кнігамі. На імпрэзе выступіў і наш вядомы краязнаўца Ігар Пракаповіч — ён прэзентаваў новыя выданні пра Пастаўшчыну, а таксама прачытаў уласныя вершы. А вось кампазітар Людміла Логінава …
читать дальше →