У Гомельшчыне пяць пацверджаных і шэсць верагодных выпадкаў COVID-19
Каранавірус выяўлены альбо падазраецца ў 20-гадовага спартсмена, які вярнуўся з Партугаліі, 26-гадовай жыхаркі Гомеля, якая была ў Францыі, а таксама ў пяці жыхароў вёскі Ліпляны Лельчыцкага раёна.
На 2 красавіка ў Гомельскай вобласці зарэгістравана пяць пацверджаных і шэсць верагодных выпадкаў COVID-19, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.
Статыстыку захворвання вядзе абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Па ўсіх выпадках вызначаны кантактныя асобы першага ўзроўню, арганізавана іх лабараторнае абследаванне і шпіталізацыя ў стацыянары. Праводзіцца медыцынскае назіранне за кантактнымі асобамі другога ўзроўню для выяўлення ў іх сімптомаў ВРВІ і своечасовага прыняцця супрацьэпідэмічных мер.
Паводле інфармацыі БелаПАН, каранавірус выяўлены альбо падазраецца ў 20-гадовага спартсмена, які вярнуўся з Партугаліі, 26-гадовай жыхаркі Гомеля, якая была ў Францыі, а таксама ў пяці жыхароў вёскі Ліпляны Лельчыцкага раёна. Дзе зарэгістраваныя астатнія выпадкі, пакуль невядома.
У цэлым па краіне зафіксавана 300 выпадкаў інфікавання COVID-19, чатыры чалавекі памерлі.
belapan.by