Выстава беларускіх мастачак Ганны Сілівончык і Марыі Тарлецкай адкрылася ў Маямі
Выстава стала плёнам супрацоўніцтва амерыканскай THINK+feel Contemporary Art Gallery з Ганнай Сілівончык.
У амерыканскай Галерэі ў Саўт-Пойнце на Маямі-Біч адкрылася выстава беларускіх мастачак «Propoethic Dreams», паведамляе reform.by.
Экспазіцыя, у якой прадстаўлены жывапіс і відэапрацы Ганны Сілівончык, а гэтаксама скульптурныя кампазіцыі Марыі Тарлецкай, адкрыта да прагляду ўжо зараз. Але гранд-адкрыццё выставачнага праекта адбудзецца 20 снежня.
Выстава стала плёнам супрацоўніцтва амерыканскай THINK+feel Contemporary Art Gallery з Ганнай Сілівончык. Інстытуцыя запрасіла беларускіх мастачак на арт-рэзідэнцыю ў Маямі — і прадаставіла пляцоўцку Галерэі ў Саўт-Пойнце для выказвання.
Сёлета Марыя Тарлецкая і Ганна Сілівончык сталі ўдзельніцамі вядомага амерыканскага фестывалю мастацтва, узаемападтрымкі і радыкальнага самавыяўлення Burning Man, які ладзіцца на паўночным захадзе Невады, у пустыні Блэк Рок. Беларускія мастачкі пасябравалі падчас грандыёзнай вандроўкі; зараз іх творчая калабарацыя працягваецца.
Месца і час адкрыцця выставы ў Маямі — Галерэя ў South Pointe Tower, 400 South Pointe Drive Lobby Level, Miami Beach, 20 снежня, 18.30.