„Беларускія пенсіянеры вельмі добра сябе паказалі ў 2020 годзе”
У Польшчы ствараецца аб’яднанне беларускіх пенсіянераў, якія вымушаныя былі з’ехаць з палітычнай нагоды.
Artykuł „Беларускія пенсіянеры вельмі добра сябе паказалі ў 2020 годзе” pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У Польшчы ствараецца аб’яднанне беларускіх пенсіянераў, якія вымушаныя былі з’ехаць з палітычнай нагоды. Таксама ўвосень ініцыятары арганізацыі плануюць правесці мерапрыемства, прымеркаванае да гадавіны першага пратэснага маршу пенсіянераў, што адбыўся 5-га кастрычніка 2020-га.
Пра гэта, а таксама пра ўласны лёс нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай распавяла сённяшняя Госця Рацыі, беларуская пенсіянерка ў Варшаве Міра.
– Мне 60+, была вымушана з’ехаць з Беларусі. У Варшаве яшчэ зусім нядоўга. У Беларусі 5 кастрычніка адбыўся першы марш пенсіянераў. Пенсіянеры прайшліся праз Плошчу Незалежнасці. Каля Чырвонага касцёлу збіраліся і ішлі па праспекце Незалежнасці. І гэта быў такі нечаканы марш. Усё ж быў такі наратыў, што пенсіянеры – гэта электарат Лукашэнкі, з большага. Усе гады яго праўлення ён заўсёды абапіраўся на людзей сталага ўзросту. І калі прайшлі агульныя маршы, гэта было зразумела, жаночыя маршы, гэта таксама зразумела. Калі выйшлі студэнты, было зразумела, што гэта маладыя людзі, ім трэба дыхаць ва ўсім гэтым.
Але калі абвясцілі марш пенсіянераў, магчыма ў кагосьці былі нейкія сумневы ў тым, што людзей збярэцца дастаткова многа. І тое, што ўжо першы марш быў сапраўды натхняючы, людзей было многа. Былі таксама людзі вельмі сталага ўзросту. Ішлі з кіёчкамі, ішлі колькі могуць, хто не мог доўга прайсці, ішоў колькі мог. Былі такія выпадкі, што людзі проста праязджалі станцыю метро, а затым зноў далучаліся, марш быў запланаваны ад Плошчы Незалежнасці, да Плошчы Якуба Коласа, гэта было даволі далёка, нехта ехаў некалькі прыпынкаў на транспарце, а затым зноў далучаўся да маршу. І людзей было сапраўды многа. І гэта развеяла міф пра падтрымку Лукашэнкі з боку людзей сталага ўзросту, я думаю, што і для ўсіх гэтых сілавікоў з супрацьлеглага боку, гэта таксама было зусім нечакана. Я ўпэўнена, што не чакалі такога настолькі масавага маршу.
Цяпер мы хацелі б успомніць з гэтай нагоды яшчэ такі момант, што зараз у Беларусі сярод палітзняволеных тыя, імёны якіх вядомыя, гэта 40 чалавек. 40 палітвязняў пенсіянераў.
Не ведаю, колькі інвалідаў, таму што наступная нечаканасць – гэта быў марш інвалідаў. Літаральна ў панядзелак быў марш пенсіянераў, затым яны хадзілі па панядзелках, а марш інвалідаў прайшоў у чацвер. І таксама людзей сабралася вельмі многа. Наша дзяржава ўвесь час пазіцыянавала як сацыяльная дзяржава, і што ж гэта ў вашай сацыяльнай дзяржаве самым уразлівым групам так дрэнна жывецца, што яны выйшлі на вуліцы.
РР: Вы былі на тых самых першых маршах пенсіянераў?
– Так. Я не прапускала ніводнага маршу, і толькі тады, калі захварэла кавідам, я ішла па другім баку праспекта, каб нікога не заразіць, але ўсё роўна ішла. Была таксама на тых маршах, дзе нас ужо пачалі вельмі жорстка разганяць.
Цалкам размова:
На завяршэнне размовы Міра запрасіла пажылых людзей сачыць за навінамі і далучацца да аб’яднання пенсіянераў.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł „Беларускія пенсіянеры вельмі добра сябе паказалі ў 2020 годзе” pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.