Мікалай Казлоў: Так ці інакш з народам трэба лічыцца
Кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі каментуе сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі, а таксама выказваецца наконт вайны ва Украіне.
Так аб чым у выніку дамовіліся Пуцін і Лукашэнка на сваіх перамовах на Далёкім Усходзе? Ці толькі аб запуску чарговага беларускага касманаўта ў чарговы палёт? Перамовы ішлі на фоне расейска-ўкраінскай вайны, і таму стаўкі ў гэтай гульні вельмі высокія для ўсіх.
Пра гэта Радыё Рацыя паразмаўляла з кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколам Казловым:
– Я думаю, што ніякіх істотных рэзультатаў гэтая сустрэча не прынесла. Мне падаецца, гэта і для аднаго, і для другога – інфанагода. Сустрэліся на Дзень касманаўтыкі, паглядзелі, пагаварылі і раз’ехаліся. Напэўна, там былі нейкія просьбы з боку Беларусі аб эканамічнай дапамозе, я так думаю, таму што, ну, што мы яшчэ можам папрасіць? Што можа папрасіць Лукашэнка? Толькі эканамічнай дапамогі. Не думаю, што яна аказаная ў поўным аб’ёме, таму што ў Расеі зараз у самой сітуацыя блізкая да калапсу. Таму я думаю, што гэта такая фармальная, дзяжурная паездка проста для стварэння нейкай інфанагоды, каб не забыліся, што яны яшчэ ёсць на гэтым свеце. Таму што для цывілізаванага свету гэта людзі даволі таксічныя і нерукапаціскальныя.
РР: Ці не прасіла кіраўніцтва Расеі кіраўніцтва Беларусі якраз аб дапамозе ў вайне з Украінай?
Мікалай Казлоў: Мне цяжка сказаць, ці прасілі яны. Мне падаецца, што ўсё адно гэтыя просьбы ўлічваюць атмасферу грамадскага меркавання Беларусі. І на колькі я разумею, і адчуваю, і бачу, і на колькі ведаю, што расейскія фонды рабілі тут сацыялогію, то абсалютная большасць беларусаў не падтрымлівае гэтую вайну і лічыць яе вялікай памылкай, калі не злачынствам. Так ці інакш з народам трэба лічыцца. І вайна ва Украіне паказала, што з народам трэба лічыцца.
Вось трэба было і лічыцца з народам Украіны. Уладзімір Пуцін з дарадцамі вырашылі, што можна з імі не цырымоніцца. А выясняецца, што цырымоніцца трэба. Таму што для ўсіх было нечаканасцю, думаю большай нечаканасцю перш за ўсё было для Расеі, вось гэты жорсткі супраціў, вось гэтая барацьба і такі нацыянальны пад’ём. Вось усяго, што яны дамагліся. Я не ведаю, ці пойдуць у празапас гэтыя тэрыторыі, якія Пуцін захоча далучыць да Расеі. Не думаю, што яны будуць у празапас.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя