У Баранавічах пераследуюць удзельнікаў акцый яшчэ 2020 года
Караюць нават за рэпосты, якія гаспадар зрабіў з тэлеграма-чата да прызнання таго экстрэмісцкім.
862 чалавекі падвергліся генетычнай экспертызе, вобшукам і праверкай мабільных тэлефонаў на прадмет наведвання экстрэмісцкіх тэлеграм-чатаў. Караюць нават за рэпосты, якія гаспадар зрабіў з тэлеграма-чата да прызнання таго экстрэмісцкім. Як гэта здарылася з адным з затрыманых і пакараных старшынёю Баранавіцкага суда Мікалаем Кмітай на 15 сутак:
– Пераслаў фатаграфію кандыдата ў дэпутаты, зробленую ў жніўні. Зрабіў рэпост з тэлеграм-канала „Баранавічы вольныя”. Па рашэнні суда ён з’яўляецца экстрэмісцкім. Пост быў зроблены ў лістападзе, а прызнаны экстрымісцкім у снежні.
Пры тым міліцыянтаў цікавіла пытанне, як затрыманы ставіцца да падзей ва Украіне. Пад кантролем ахоўнікаў рэжыму знаходзяцца актывісты і з іншых гарадоў, кажа Андрэй з Бярозы:
– Званок у Баранавічы. „У Вас ёсць вось такая машына?” Ды ёсць. „Вы ездзілі ў Баранавічы такога ліку?” Вы што-небудзь бачылі там каля паравоза?” Не. Праз 2 гадзіны званок ужо з нашага РУУС. У выніку з мяне ўзялі пісьмовую заяву, што я нічога не бачыў.
Як паведамілі Андрэю, міліцыя шукае, хто здзейсніў дыверсію на чыгунцы ў Даманава, ля Баранавіч. Гэта наводзіць на думку, што прычына тэрору ў Баранавічах у адносінах да 862 чалавек, гэта пошук чыгуначнага дыверсанта, а рэпосты – толькі нагода для пакарання на ўсякі выпадак.
Беларускае Радыё Рацыя