У Беларусі ўвядуць электронную карту допуску да ажыццяўлення аўтамабільных пасажырскіх перавозак
Гэта прадугледжана праектам указа, які цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне.
У Беларусі будзе ўкаранёная электронная карта допуску да ажыццяўлення аўтамабільных пасажырскіх перавозак. Як паведаміў 29 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна, гэта прадугледжана праектам указа, які цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне.
„Мэта ўказа — арганізацыя бяспекі перавозак пасажыраў, стварэнне ўмоў добрасумленнай канкурэнцыі і павышэнне якасці паслуг”, — адзначыў Дубіна.
Электронную карту допуску будзе выдаваць Транспартная інспекцыя перавозчыкам, кіроўцам і дыспетчарам таксі. „Замацоўваецца норма, што дзейнасць без наяўнасці карты допуску з’яўляецца незаконнай і забараняецца. Такім чынам, у нядобрасумленных перавозчыкаў, якія выкарыстоўваюць шэрыя схемы, выключаюцца канкурэнтныя перавагі. У выпадку невыканання заканадаўства будуць прымяняцца абмежавальныя меры: прыпыненне дзеяння карты допуску тэрмінам да аднаго месяца, рэгістрацыйнай карты транспартнага сродку і карты допуску дыспетчара — да трох месяцаў. У выпадку паўторных парушэнняў дзеянне карты будзе спыняцца, а атрымаць яе паўторна можна будзе толькі праз паўгода”, — растлумачыў намеснік міністра.
Інфармацыя аб выдачы карты допуску будзе размяшчацца на агульнадаступным інфармацыйным рэсурсе.
Праектам указа таксама прадугледжана, што арэнда аўтамабіля з экіпажам будзе дазволеная толькі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. „Норма ўводзіцца для таго, каб асобныя суб’екты не злоўжывалі грамадзянска-прававымі адносінамі і не ажыццяўлялі перавозку пасажыраў”, — сказаў Дубіна.
Ён падкрэсліў, што для добрасумленных перавозчыкаў фактычна нічога не мяняецца: „Проста будзе афармляцца ў электронным выглядзе допуск, і трэба будзе выконваць існае заканадаўства ў галіне пасажырскіх перавозак”.
Паводле слоў чыноўніка, грамадскае абмеркаванне праекта дакумента завершыцца 30 ліпеня.
Дубіна заявіў, што новаўвядзенне не прывядзе да росту кошту пасажырскіх аўтамабільных перавозак. „Мы не плануем глабальных змен у тарыфнай палітыцы, тарыфы на гэты від паслуг не рэгулююцца дзяржавай. Пытанне ў тым, што складваецца па кошце аднаго кіламетра. Калі не выплачваюцца падаткі, не ажыццяўляюцца адлічэнні ў ФСАН і іншыя плацяжы, тарыфы настолькі малыя, што прадпрыемства, якое добрасумленна выконвае ўсе нормы, умовы, не можа працаваць на рынку. Пытанне ў тым, каб усе перавозчыкі працавалі ў роўных умовах. Тады і кіроўцам не давядзецца працаваць па 12—16 гадзін, каб зарабіць сярэднюю па краіне зарплату”, — заявіў ён.