У Менску затрымалі дзяўчат у бел-чырвона-белай вопратцы з парасонамі
Паводле телеграм-каналу менскай міліцыі, на праспэкце Пераможцаў у Менску затрыманыя дзяўчаты, якія шпацыравалі ў бел-чырвона-белай вопратцы і з парасонамі такіх жа колераў, піша TUT. by
«У сетцы Інтэрнэт зьявілася інфармацыя аб флэшмобе, арганізаваным на праспэкце Пераможцаў, з выкарыстаньнем незарэгістраванай сымболікі, а таксама іншай атрыбутыкі. Супрацоўнікамі міліцыі былі ўстаноўленыя і затрыманыя актыўныя ўдзельнікі так званага жаночага маршу. Характэрна, што частка затрыманых грамадзян зьяўляюцца членамі шматдзетнай сям’і і пражываюць у пабудаваным з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі прыватным доме ў Менскім раёне. У ходзе санкцыянаванага агляду названага домаўладаньня выяўленая атрыбутыка, якая асацыюецца з пратэставай», — сказана ў міліцэйскім паведамленьні.
Колькі чалавек затрымана, не ўдакладняецца.
Фатаграфіі дзяўчат, якія ў бел-чырвона-белай вопратцы і з парасонамі такой жа расфарбоўкі шпацыравалі па праспэкце Пераможцаў у Менску, зьявіліся 6 красавіка.