У менскай інфекцыёнцы памёр супрацоўнік санаторыя «Пралеска»
Мужчына ляжаў з пнеўманіяй у раённай бальніцы, пасля яго перавялі ў інфекцыёнку, куды накіроўваюць людзей з каронавірусам.
У ноч на 2 красавіка памёр супрацоўнік санаторыя “Пралеска”, што ў Ждановічах. Ён ляжаў з пнеўманіяй у раённай бальніцы, пасля яго перавялі ў менскую інфекцыёнку, куды накіроўваюць людзей са станоўчым аналізам на каронавірус.
Па інфармацыі “Нашай Нівы” памерлы Валер Ш. працаваў электрыкам, жыў у прыгарадзе. Яму было каля 60 гадоў.
Некалькі тыдняў таму мужчына ляжаў у абласной бальніцы, правяраў сэрца. Пасля выйшаў на працу, пабыў пару змен. А потым злёг з пнеўманіяй. У пятніцу, 27 сакавіка, яго паклалі ў Менскую цэнтральную раённую бальніцу ў Бараўлянах. У сераду перавялі ў гарадскую інфекцыйную бальніцу, дзе яго і не стала. “Тры дні ляжаў на калідоры, напэўна, запусцілі”, — наракаюць калегі па працы.
На наступны дзень пасля смерці мужчыны супрацоўнікаў санаторыя папрасілі прадаставіць спіс кантактаў першага роўню. У “Пралесцы” адпачываюць у асноўным пажылыя. Раней у дзвюх жанчын з аднаго з заездаў дыягнаставалі каронавірус, расказалі “Нашай Ніве” супрацоўнікі санаторыя. А праз час у санаторый сталі прыязджаць “хуткія” і забіраць работнікаў як кантактаў. Кажуць, сярод іх былі пакаёўкі, афіцыянткі, медыкі. Многія — ва ўзросце. “А мы працягвалі працаваць і прымаць адпачываючых”, — перажываюць людзі.
Фота з сайта санаторыя