Сяргей Верамеенка: запрашаем гарадзенцаў стаць назіральнікамі
Прадстаўнік БХД у кампаніі незалежнага назірання «Права выбару» па Гарадзеншчыне Сяргей Верамеенка запрашае жыхароў Гарадзенскай вобласці стаць назіральнікамі:
– Пачалася актыўная стадыя падрыхтоўкі назіральнікаў, якія будуць знаходзіцца на ўчастках і назіраць за ўсім выбарчым працэсам. Кампанія «Права выбару» запрашае гарадзенцаў, не толькі гарадзенцаў, – беларусаў паўдзельнічаць у гэтай назіральнай кампаніі. На сайце «Права выбару» www.pvby.org можна знайсці ўсю інфармацыю. Альбо звяртайцеся да мяне, мой тэлефон МТС: 5-082-082, Сяргей Верамеенка «Права выбару», БХД.
Сяргей Верамеенка адзначае, што сярод тых гарадзенцаў, якія запісаліся ў назіральнікі прадстаўлены розны зрэз насельніцтва:
– Абсалютна розныя людзі ад 18 год і да пенсіянераў. Па свайму сацыяльнаму статусу таксама: і беспрацоўныя, і працоўныя, і бізнесмены, прадпрымальнікі. Карацей, усе.
Кампанія «Права выбару-2019» аб’ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: Беларускі Народны Фронт (Партыя БНФ), Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (БХД), Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) (БСДП), «Рух «За Свабоду», Аб’яднаную Грамадзянскую партыю (АГП), Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу (ПСП), прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Беларускае Радыё Рацыя