Ва Украіне праходзяць выбары ў Вярхоўную Раду
Стартавалі пазачарговыя выбары ў Вярхоўную Раду Украіны.
Асноўная барацьба разгарнулася між партыяй „Слуга народа” дзейснага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прарасейская партыяй Апазіцыйная платформа „За жыццё”.
Абедзве яны не лічацца з інтарэсамі людзей з усходніх тэрыторый і абвастраюць і без таго складаную сітуацыю ў грамадстве, мяркуе ўраджэнка Данбасу Маргарыта Удавічэнка:
– Мне насамрэч вельмі сумна, бо мне падаецца, што зараз Украіна яшчэ больш падзяляецца на два лагеры – украінцы і людзі, якія хочуць размаўляць па-расейску. Я ўсё ж такі прытрымліваюся меркавання, што калі я размаўляю па-расейску – гэта не значыць, што я не патрыёт Украіны. На маёй тэрыторыі ўжо некалькі стагоддзяў людзі размаўлялі па-расейску. Вельмі цяжка зрабіць так, каб людзі за адзін дзень пачалі размаўляць па-ўкраінску. Я спадзяюся, што выбары будуць талерантныя да людзей з Данбасу.
Чарговыя выбары ў Вярхоўную Раду павінны былі адбыцца 27 кастрычніка 2019 года. Аднак прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваёй інаўгурацыйнай прамове абвясціў аб роспуску парламента восьмага склікання. На наступны дзень, 21 траўня, ён выдаў указ аб прызначэнні датэрміновых выбараў. Галасаванне завершыцца ў 20.00 па ўкраінскім часе.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя