Аквалерыя і Андрусь Такінданг прадставяць у Варшаве канцэрт для дзяцей
Беларускія музыкі Аквалерыя і Андрусь Такінданг прадставяць у Варшаве інтэрактыўны канцэрт для дзяцей.
Артысты – удзельнікі гуртоў “Kriwi”, “Harotnicа”, “Recha” – гэтым разам парадуюць аўдыторыю ад 3 да 10 год. Зрэшты, на думку дуэта, дарослым імпрэза таксама будзе цікавая.
“Гэты праект з’явіўся ў нас яшчэ ў Беларусі. Мы гастралявалі з ім апошнія 3 гады”, – распавядае Аквалерыя (яна ж – Валерыя Валадзько):
– Гэта быў праект, які мы стварылі пры падтрымцы шведскага пасольства ў Менску. Гэта песенькі, якія мы з Андрусём напісалі па матывах апавяданняў шведскага пісьменніка Свэна Нурквіста пра прыгоды Пэтсана і Фіндуса. Фіндус – гэта такі кот. А Пэтсан – яго гаспадар. У Нурквіста шмат такіх апавяданняў, вясёлых дзіцячых, дзеці іх любяць. Мы стварылі гэтыя песенькі. Гастралявалі па Беларусі, аб’ездзілі інтэрнаты, дзіцячыя дамы.
Цяпер жа шанс убачыць праект з’явіўся і ў жыхароў і гасцей Варшавы.
Канцэрт-інтэрактыў пройдзе ў Беларускім Моладзевым Хабе (pl. Konstytucji 6). Пачатак – у 12:00.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Аквалерыя і Андрусь Такінданг прадставяць у Варшаве канцэрт для дзяцей pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.