Лідары па адсутнасці тэхагляду аўтамабіляў – Менская вобласць, Менск і Віцебская вобласць
Аўтамабіляў у Беларусі больш за 3,5 млн., але колькі з іх ездзіць па дарогах – невядома нікому
Рэгістрацыя аўто і яго выкарыстанне – розныя рэчы, якія ў Беларусі не паддаюцца ўліку. Пра сітуацыю на брыфінгу ў Менску распавёў часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе начальніка УДАІ МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Цагельнік.
– У нас у краіне няма механізмаў, якія б стымулявалі зняцце аўтамабіляў з уліку. У нас на ўліку находзіцца, напрыклад, 100 000 аўтамабіляў ЗАЗ, якіх мы ўжо не бачым на вуліцах. Але яны стаяць на ўліку і ніякай адказнасці за не зняцце з уліку ў нас няма. Цяпер на ўліку 3 мільёны 600 тысяч аўтамабіляў, але колькі з іх фактычна эксплуатуецца, я не магу гэтую лічбу паведаміць. Некаторыя эксплуатуюцца ў іншых краінах, у Расейскай Федэрацыі. Некаторыя ўжо даўно ўтылізаваныя, але ўласнікі іх не знялі з уліку.
Магчыма, сітуацыю дапаможа ўпарадкаваць замена так званага дарожнага збору на падатак на аўтамабіль па аналогіі з падаткам на нерухомасць, зямлю і гэтак далей. Але калі і якім чынам будзе вырашацца пытанне выплаты дарожнага збору, які плануецца адвязаць ад праходжання тэхагляду, у МУС не ведаюць.
***
Пра вынікі аперацыі Дзяржаўтаінспекцыі «Дзяржаўны тэхагляд», што прайшла па ўсёй краіне з 7 па 17 жніўня, на брыфінгу ў Менску распавёў часовы выканаўца абавязкаў на пасадзе начальніка УДАІ МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Цагельнік.
– Падчас штодзённых рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена звыш 14 000 фактаў эксплуатацыі транспартных сродкаў без дазволу допуску на ўдзел у дарожным руху. У тым ліку 4 300 фактаў эксплуатацыі транспартных сродкаў паўторна цягам года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання. Больш за ўсё выяўлена ў Менскай вобласці – 2981 транспартны сродак, у Менску – 2243, у Віцебскай вобласці – 2079.
Паводле Аляксандра Цагельніка, падобныя аперацыі добра стымулююць кіроўцаў – наведванне станцый тэхагляду ў гэты час узрасло на 50 працэнтаў.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя