Год сыходу
У 2011 годзе ў Беларусі пачаўся сыход.
Пасьля шоку 19 сьнежня сышлі апошнія надзеі — у тых, хто іх меў — што рэжым здольны гуляцца хоць у нейкую дэмакратыю. Сышла «стабільнасьць», пакінуўшы чэргі, парассыпаны цукар і закрэсьленыя цэтлікі са старымі коштамі. Сышла ілюзія местачковай бясьпекі — з выбухам у мэтро. Сышлі рэшткі пашкамутаных партый — у кухоннае дысыдэнцтва й на нішчымніцу.
Пацягнуліся за мяжу каўбасы й малако; разам зь імі паўцякалі й многія людзі: будаўнікі — на Ўсход, студэнты — на Захад. Хтосьці сышоў у алькаголь (мізэрныя кошты на гэны «сацыяльна значны тавар» сыходзіць не зьбіраюцца); і няма тыдня, каб нехта не сыходзіў з жыцьця — па сваёй уласнае волі. Толькі кінатэатры віруюць, нягледзячы на аслабелы рэпэртуар: у часы цяжкое дэпрэсіі людзі ўцякаюць у мроі — прынамсі, пакуль тыя даступныя.
Людзі заўжды задаюць пытаньне: «Па якім праве ты намі кіруеш?» У 1994 годзе адказ гучаў: «Па праве большасьці». У 2001 годзе большасьць была сумнеўная, дадалася дакрутка; але спрацавала інэрцыя старых тлумачэньняў. У 2006 годзе на першае месца выйшаў адказ: «Па праве стабільнасьці з дабрабытам» (дзе сёньня той дабрабыт?) А ў 2010 годзе нічога й не спатрэбілася: народу проста паказалі штык і амапаўскую доўбню, узнагароджаную Ордэнам Перамогі.
І пачаўся сыход.
Але Сыход з рабства немагчымы без Сыходу духоўнага.
Трэба сысьці — з-пад улады саўгаснага патэфона — пад уладу Бога.
Сысьці — ад падману — да новае Беларусі пад небам. І кожны здольны хоць нештака ў гэтым Сыходзе зрабіць.
Можна — быць салідарным і падтрымліваць іншых, як падтрымлівалі адзін аднаго палякі ў часы «Салідарнасьці». Каб проста дапамагчы — ахвяраваньнем, лістом, тэлеграмаю дый проста добрым словам — рэгістрацыя не патрэбная. Каб падтрымаць усьмешкай і позіркам — ня трэба быць чальцом партый.
Можна — сыходзіць з фальшывых структураў і арганізацый (працэс у працоўных калектывах ужо пачаўся; уцякаюць зь лёкайскіх прафсаюзаў). І можна ціха рыхтаваць дзень няпрацы, калі краіна проста задумаецца.
Чыноўнік, калі ня можа сысьці, можа не зважаць на бязглуздыя патрабаваньні. А калі й гэта для яго складана — ён можа выконваць усё пад паперку, з доўгаю бюракратыяй. Міліцыянт — можа патрабаваць пісьмовых загадаў на кожны дурны чых кіраўніцтва, а студэнты й школьнікі — могуць выйсьці з БРСМу (калі цяжка: пісталет трымаюць ля скроні, ці што) — ня ўдзельнічаць у іхніх мерапрыемствах ці ўзяць туды ня іхнія лёзунгі.
І на выцьцё: «Вы ж усё разумееце» — папрасіць патлумачыць: і няхай глупства выставіць сябе, як глупства; хлусьня, як хлусьня; бздура, як бздура.
І на крык ад нізоў да вярхоў: «калі ж гэта усё скончыцца?», адказаць: «калі мы самі пойдзем з-пад улады зла».
І няхай цемра застанецца зь цемраю, і сьціскаецца; а праўда — з праўдаю — і пашыраецца.