Повязь мінулага і сучаснасці
У выставачных залах Дома рамёстваў «Стары млын» чакаюць наведвальнікаў адразу дзве экспазіцыі: выстава ткацтва «Ручнік як увасабленне часу» і фотавыстава Васілія Белякова «Без прыкрас. Цэрквы і касцёлы Беларусі».
Ручнік — адзін з найважнейшых сакральных прадметаў у жыцці нашых продкаў. Ахоўваючы ад напасці, ён суправаджаў чалавека ад нараджэння і да самай смерці: на ручнік прымалі нованароджанае дзіця, яго выкарыстоўвалі для розных абрадаў падчас хрышчэння і вянчання, вешалі на абразы, карысталіся ім у паўсядзённым жыцці, а калі чалавек паміраў, ручнік павязвалі на крыж, труну ў магілу таксама спускалі на ручніках. Яны як адзенне: для кожнай жыццёвай сітуацыі існавалі пэўныя віды. Не менш важны колер і вытканы на ручніку ўзор — гэта не проста ўпрыгажэнне, але і пэўны сімвал. Напрыклад, чырвоны колер сімвалізуе жыццё, кветка — каханне.
— Ручнікі выкарыстоўваюцца і сёння: на іх падаюць хлеб-соль дарагім гасцям, абвязваюць рукі маладым пры вянчанні, павязваюць сватам. Праўда, з-за таго, што некаторы час была парушана пераемнасць гэтых ведаў, не ўсе правільна выбіраюць абрадавы прадмет. Скажам, сватоў нельга перавязваць белымі ручнікамі, на іх абавязкова павінен быць узор са ста палосак, — раказвае дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Мікалаеўна Петух.
На выставе прадстаўлены ткацтва Алены Васільеўны Крывенькай, касцюмы і вышытыя ручнікі Крысціны Мікалаеўны Брэскай, лялькі ў традыцыйных строях Алены Аляксандраўны Касенка, ручнікі, выкананыя ў тэхніцы вышыўкі крыжыкам, традыцыйныя кашулі-касцюмы Марыі Іванаўны Ананьевай.
Першыя тры майстрыхі з’яўляюцца работнікамі Дома рамёстваў, апошняя — былы супрацоўнік названай установы, цяпер яна на пенсіі. Іх работы — рэканструкцыі некалі існаваўшых на Пастаўшчыне ручнікоў і адзення — складаюць прыблізна 70% экспазіцыі. Астатнія — этнаграфічны збор, які з дапамогай работнікаў сельскіх клубных устаноў змагла сабраць практычна з усёй тэрыторыі раёна спецыяліст па фальклоры цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Мікалаеўна Марозава. Сярод іх ёсць як традыцыйна тканыя (абрадавыя), так і з простай льняной тканіны, аздобленыя вышыўкай і вязанымі карункамі. У кожнага — свая гісторыя, сваё прызначэнне.
У суседняй зале размясціліся работы фотааматара Васілія Белякова. У свой час ён скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, затым — ваенную акадэмію, зараз — падпалкоўнік запасу. Мастацкі погляд і назіральнасць дазваляюць В. Белякову падчас пешых і веласіпедных падарожжаў заўважыць і захаваць пры дапамозе фотакамеры дзіўныя адценні роднай прыроды, знайсці цікавы ракурс для адлюстравання архітэктуры.
На выставе прадстаўлены 127 фотаздымкаў храмаў. У калекцыю ўвайшлі здымкі цэркваў і касцёлаў Пастаўшчыны, зробленыя на працягу многіх гадоў, а таксама фота храмаў яшчэ 14 раёнаў Беларусі, якія Васілій Белякоў адлюстраваў падчас сёлетніх фотапленэраў. Работы фотамастака здзіўляюць разнастайнасцю: са здымкаў, аформленых у рамкі, з намі размаўляюць і старыя разбураныя, і адноўленыя, і дзеючыя храмавыя будынкі. Яны захапляюць сваёй велічнасцю, засмучаюць запусценнем, натхняюць думаць пра вечнае і ўзвышанае.
— Выстаўляць работы, прысвечаныя прыродзе роднага краю, у раёне і за яго межамі пачаў шэсць гадоў таму. З 2012-га актыўна супрацоўнічаю з навуковым аддзелам Нацыянальнага парку «Нарачанскі», дзе паўтара года дэманстравалася выстава, прысвечаная ўнікальным ландшафтам і прыродным аб’ектам, прадстаўнікам флоры і фаўны беларускага Паазер’я. Два апошнія гады працаваў над тэмай Першай сусветнай вайны. У прыватнасці, над слядамі, якія яна пакінула пасля сябе на тэрыторыі нашага, Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў. Арганізаваны выставы «Іх лёсы з’яднаны ў адзін…» і «Сляды гісторыі». Апошняя створана пры садзейнічанні арганізацыі «Беларускі зялёны крыж» і трапіла ў міжнародны культурна-асветніцкі праект «Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння», узнагароджаны дыпломам, — гартаў старонкі аўтабіяграфіі аўтар.
Бягучы год у творчым жыцці Васілія Белякова стаў надзвычай плённым: у розных рэгіёнах краіны на суд гледачоў былі прадстаўлены пяць рознапланавых выстаў, падчас пешых і веласіпедных паходаў пераадолена сем тысяч кіламетраў, сабраны матэрыял яшчэ для чатырох экспазіцый. Убачыць іх можна будзе ўжо ў 2016-ым.
Наведаць абедзве выставы можна да 14 студзеня наступнага года. Затым іх зменяць работы выкладчыкаў школы мастацтваў імя А. Ромера і ўдзельнікаў рэгіянальнага восеньскага пленэру, які праходзіў у райцэнтры 23—24 кастрычніка.