Па справе аб хабарніцтве затрыманы праваслаўны мецэнат
Адным з затрыманых па гучнай карупцыйнай справе кампаніі «БелАВМ» стаў намеснік дырэктара Мікалай Рамановіч. Яго падазраюць у суўдзеле пры перадачы хабару кіраўніцы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Як выявілася, Рамановіч — гэта той самы праваслаўны мецэнат, які будаваў царкву на беразе возера Балдук. Гэта тэрыторыя нацыянальнага парка «Нарачанскі» і гідралагічнага заказніка «Швакшты», дзе будаўніцтва забаронена. Праціўнікі будаўніцтва бачылі ў будаўніцтве нахабную спробу пашырыць тэрыторыю — побач знаходзілася лецішча Рамановіча.
«Божа, уратуй і захавай наша возера!»
Ідэя выклікала пратэст мясцовых жыхароў — у найбліжэйшай вёсцы жывуць адны каталікі —і прадстаўнікоў грамадскасці. Пабудова храма і летніка вакол яго разбурала запаветнасць ункальных мясцін.
Электронную петыцыю з патрабаваннем спыніць будаўніцтва храма падпісалі больш за 16 тысяч чалавек. Тым не менш, суд стаў на бок Рамановіча, і будоўля пачалася.
Ці працягнецца фінансаванне пасля затрымання бізнэсмена, пакуль невядома.