Прыпадаючы да крыніцы
У Хрыстове нарадзіўся і вырас беларускі паэт Янусь Малец. Прыгожыя краявіды, шчырыя людзі, вясковы побыт — вось тыя крыніцы, якія ўскалыхнулі душу паэта і натхнілі на творчасць.
Крыніцы, жыта, лес і неба
І многа, вельмі многа сонца!
Баравікі пад колер хлеба
І павуцінне на сасонцы…
І каляровая вясёлка
Успыхне раптам над ракою,
І луг зялёны ля пасёлка,
І дзед з бліскучаю касою.
Хіба гэтыя яго радкі і не пра вашу вёсачку?
Хрыстова, якое за 50 кіламетраў ад Пастаў і за 18 ад Глыбокага, дзе пражывае 67 чалавек, багатае на паэтаў, музыкаў, майстроў, кветкаводаў, ды і проста шчырых, працавітых, улюбёных у сваю малую радзіму людзей. Пазнаёміцца са сваімі аднавяскоўцамі мне дапамагла загадчыца Валкоўскага сельскага клуба Марына Пусько, за што ёй вялікі дзякуй. На жаль, з-за абмежаванасці газетнай плошчы, што адводзіцца пад «Вёсачку», я не змагла напісаць пра ўсіх, хто заслугоўвае ўвагі. Аднак спадзяюся на наступныя сустрэчы з хрыстоўцамі.
Зберагае памяць
За некалькі дзесяцігоддзяў працы ў рэдакцыі і бясконцыя вандроўкі па раёне на такім незвычайным транспарце, які вы бачыце на здымку, мне давялося праехаць упершыню. Сканструяваў яго Міхаіл Татарэнка. Мы накіраваліся на месца былой вёскі Запаляны, што за 2 кіламетры ад Хрыстова. Там магіла польскага воіна часоў польска-рускай вайны (1919 —1921 гг.). Вядома толькі яго імя — Андрэй. Адступаючы, палякі пакінулі яго параненага, і той памёр. Вяскоўцы пахавалі воіна па-хрысціянску і даглядаюць магілу. Гэты абавязак добраахвотна ўзялі на сябе Міхаіл Татарэнка і яго жонка Ганна. На магілцы ўстаноўлены помнік, яна абгароджана, побач пасаджаны яблыня і груша. А на вясковых могілках яны добраўпарадкоўваюць месцы вечнага спачыну не толькі сваіх родных, але і знаёмых.
Акрамя таго, Міхаіл Часлававіч вырабіў і ўстанавіў крыжы на месцах зніклых вёсак Міхалова, Запаляны, Турчына і іншых. Яго работа — і крыж у цэнтры вёскі. Зараз нарыхтоўвае матэрыялы і плануе ў хуткай будучыні зрабіць у Хрыстове капліцу. А яшчэ марыць пра музей вясковага побыту, ужо нават сабраў шмат экспанатаў для яго. Жартуе: «Каб паспець усё задуманае зрабіць, запланаваў пражыць да 120 гадоў».
Татарэнкі, якія ўжо 50 гадоў у шлюбе, маюць цудоўны працяг свайго роду: яны нарадзілі і выхавалі чацвярых сыноў і дачку. Ганна Вікенцьеўна ўзнагароджана ордэнам Маці. Прычым дзяцей падымала на ногі, працуючы даяркай, да таго ж сям’я трымала вялікую ўласную гаспадарку. А дэкрэтны водпуск у тыя гады быў усяго 56 дзён да родаў і столькі ж пасля іх. Спраўлялася! Цяперашнім маладзіцам нават уявіць такое немагчыма.
Іх дачка стала прадаўцом, два сыны — механізатарамі, яшчэ два — зваршчык і ксёндз.
Якія нашы людзі!
Антаніна Малец сустрэла прыбраная і ўсхваляваная. Прызналася: «Не спала ўсю ноч, думала, як вам пра ўсіх расказаць. У нас жа такія добрыя людзі! Напрыклад, Міша Татарэнка мне дапамог дагледзець ляжачага мужа, апрацоўвае агарод, ды і пра кожнага ў вёсцы клапоціцца. Або сапсаваўся ў мяне тэлевізар — адрамантаваў Валік Машніч. Трэба абкасіць ля дома — прыходзіць Сярожа Счасны. Іосіф Вярцінскі даваў каня. Фэля Лягцінен, Жэня Татарэнка, Крысціна Крэміс дзяліліся агароднінай. І гэтак каго ні вазьмі… Не ў кожнай сям’і жывуць так дружна, як нашы аднавяскоўцы».
Узгадвала Антаніна Баляславаўна і тое, як хінуліся да яе людзі, калі працавала ў Норыцы. Ішла туды на месяц замяніць прадаўца ў водпуску, а затрымалася на 22 гады. Да гэтага працавала ў бібліятэцы, клубе, аддзяленні сувязі, але сапраўднае прызванне знайшла ў гандлі. Казала, што кожны дзень на работу ў магазін ішла як на свята.
Шмат цёплых слоў пачула я ад Баляславаўны і пра сям’ю, у якую яна трапіла, выйшаўшы замуж. Дарэчы, яе муж Расціслаў — родны брат паэта Януся Мальца. Прачытала яго вершы. У адным з іх ёсць такія радкі: «Колькі вёрст нас раздзяляе! Хоць машынны зараз век,/ Ды не часта ўсё ж бывае,/ Што мяне ты сустракаеш,/ Самы родны чалавек./ Як я радасна ўздыхаю, калі дзверы адчыняю./ А ты кажаш: «У хату госць!»
Вось дык радня!
Наталля Курачонак вырасла ў сям’і, у якой было сямёра дзяцей — 5 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. У хаце жылі ўдзесяцярых: бацькі, бабуля і яны, дзеці. Мама хварэла, бацька любіў выпіць, таму выхоўваліся працай. Выраслі годнымі людзьмі. За выключэннем аднаго брата, які жыве ў Нарачы, усе асталяваліся на Пастаўшчыне: у Хрыстове, Дварчанах, Лучаі. Маюць сем’і, падтрымліваюць зносіны. Наташа любіць, калі браты і сястра прыязджаюць да яе ў госці.