Памёр аўтар «Калыханкі» Эдуард Зарыцкі
Народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі цяжка хварэў, але сваю хваробу не афішаваў.
Цела Эдуарда Зарыцкага было знойдзена 6 чэрвеня ў ягонай кватэры, паведамляе Naviny.by.
Эдуарду Зарыцкаму было 72 гады.
Зарыцкі больш вядомы як кампазітар-песеннік. Сярод яго твораў — «Палыновая ростань», «Белыя крылы», «Паспяшайся, кумок», «Зорачка», «Замова», «Начныя кастры», «Будзьма», «Калыханка» ды іншыя.
Кампазітар быў аўтарам вакальных цыклаў. Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга з поспехам выканаў яго вакальныя цыклы на вершы Адама Міцкевіча (у перакладзе Васіля Жуковіча), Рыгора Барадуліна, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча, піша Радыё Свабода.
Таксама Зарыцкі пісаў музыку да спектакляў, кінафільмаў і мюзіклаў.