Сямі беларускім апазіцыйным партыям пагражаюць ліквідацыяй
Міністэрства юстыцыі Беларусі нагадала, што ўжо засталося за месяц, каб палітычным партыям падаць неабходныя дакументы на перарэгістрацыю. Перадусім гэта закід у бок сямі апазіцыйных структур, якія на сённяшні дзень яшчэ афіцыйна дзейнічаюць. Калі да 4-га чэрвеня Мінюст не атрымае ад іх ніякіх папер, то пачнецца працэс ліквідацыі.
Старшыня Пінскай гарадской арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Вераніка Іванова адзначае, што самы жаданы дакумент у ведамстве – поўны спіс чальцоў:
– Першапачаткова ўся гісторыя Закона пра партыі была заточана выключна на ліквідацыю. Міністэрства юстыцыі не рыхтавалася, не рыхтуецца, не жадае і не хоча перарэгістрацыі. Нават у выпадку калі хтосьці з апазіцыйных партый панясе свае спісы Мінюст, то я думаю, што шэраговыя чальцы будуць рэпрэсаваныя, а для кіраўнікоў крымінальны пераслед ці ўцёкі з краіны. Я лічу гэты закон фікцыяй і шыльдай для ліквідацыі партый.
Дарэчы, 2-га траўня рэгістрацыю атрымала праўладная партыя „Белая Русь”. У Мінюсце паведамляюць, што да перарэгістрацыі таксама падрыхтаваліся яшчэ тры праўладныя структуры: кампартыя, ліберал-дэмакраты і партыя працы і справядлівасці.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Сямі беларускім апазіцыйным партыям пагражаюць ліквідацыяй pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.