Агляд прэсы: новыя правілы
Пагроза нападу з боку Беларусі. Як рэагаваць на ядзерныя пагрозы Пуціна? Што значаць прабоіны ў трубаправодах Паўночнага патоку? Румынія адзначае 20 год з дня заснавання антыкарупцыйнага ведамства. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Расея можа перакінуць мабілізаваных у Беларусь і паспрабаваць сфармаваць наступальную групоўку для вяртання ва Украіну», – такім меркаваннем экспертаў дзеліцца ўкраінскае выданне The Odessa Journal.
«Цалкам магчыма, што Расейская Федэрацыя, разлічваючы прызваць да канца года 500 тысяч мабілізаваных, хоча ўвесці ў Беларусь групоўку войскаў. Пытанне толькі ў тым, чым яе абсталяваць, бо ў Беларусі такой групе наўрад ці хопіць нават сродкаў працяглага захоўвання. Сітуацыя такая, што беларускія чыгуначнікі рыхтуюць інфраструктуру для прыёму вялікай колькасці грузавых цягнікоў. Вядома, што Беларусь абвясціла раптоўную праверку вайсковай часткі № 06752, якая дыслакуецца ў Мачулішчах пад Менскам. На тэрыторыі гэтай часткі размешчана авіяцыйная база класа «Б» — адзін з найбуйнейшых ваенных аэрадромаў краіны, дзе базуюцца баявыя верталёты Мі-8 і Мі-24. Ён можа прымаць ваенныя і грамадзянскія самалёты. У Беларусі таксама правяраюць чыгуначную інфраструктуру. Гэта можа азначаць, што яе рыхтуюць да ваеннай патрэбаў з боку РФ», – піша ўкраінскае выданне.
Пасля фіктыўных рэферэндумаў на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях чакаецца іх немінучая анэксія і, такім чынам, новы пагрозлівы сцэнар: Крэмль будзе лічыць гэтыя тэрыторыі часткай РФ, а спробы Украіны вярнуць іх могуць быць трактаваны як «напад на Расею». Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, як быць з пуцінскімі пагрозамі наконт магчымага прымянення Масквой ядзернай зброі. Гішпанская газета El País мяркуе, што Крэмль працягне паднімаць стаўкі.
«Пры гэтым самым бяскрыўдным сцэнарам было б правядзенне ядзернага выпрабавання блізу Украіны, да прыкладу, у акваторыі Чорнага мора, у якасці папярэджання і без чалавечых ахвяр. Гэтая вайна вырашыць не толькі лёс Украіны ці геастратэгічны расклад у Еўропе, але таксама і правілы вядзення будучых войнаў. У тым выпадку, калі Пуцін, які пацярпеў паразу на традыцыйным полі бітвы, атрымае перамогу, пагражаючы атамнай бомбай ці нават ужыўшы яе, і калі за гэта не рушыць услед расплаты, то яго прыкладу надалей рушаць услед і іншыя: у свеце, у якім ужо не будзе правілаў», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Ніткі газаправодаў Паўночны паток-1 і Паўночны паток-2, якія вядуць з Расеі праз Балтыйскае мора ў Германію, пашкоджаны, і ў будучыні не могуць быць уведзены ў эксплуатацыю. Згодна з паведамленнямі, прычынай пашкоджанняў паслужылі падводныя выбухі. Усё часцей выказваецца тая тэза, што мела месца дыверсія. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі.
«Мы чарговы раз пераканаліся ў тым, наколькі важна акуратна выбіраць палітычных і эканамічных «партнёраў», – адзначае шведская газета Dagens Nyheter.
«Цяжка зрабіць так, каб эканоміка ніяк не залежала ні ад адной з дзяржаў-ізгояў. Найважнейшыя вытворцы нафты ўваходзяць у лік тэрарыстычных рэжымаў гэтай планеты. Патрэбы ЕЗ у рэдказямельных металах, неабходных для многіх высокатэхналагічных вытворчасцяў, практычна поўнасцю пакрываюцца за кошт паставак з Кітаю. Тым не менш, з гэтага фіяска з Паўночным патокам мы павінны зрабіць належныя высновы, і надалей пільней сачыць за тым, ад якіх рэжымаў мы трапляем у залежнасць», – заклікае шведскае выданне.
20 гадоў таму ў Румыніі было створана Антыкарупцыйнае ведамства (DNA). Гэты орган задумваўся як адзін з юрыдычных інструментаў па падрыхтоўцы краіны да ўступлення ў ЕЗ. Ведамства трапіла ў загалоўкі газет, калі ўрад і ўплывовыя каляўладныя колы паспрабавалі пазбавіцца ад яго кіраўніка – Лаўры Кёвешы. Кёвешы цяпер узначальвае Генеральную пракуратуру ЕЗ, а румынская прэса падводзіць вынікі працы ведамства. «Сёння ведамства не карыстаецца падтрымкай з боку ўладаў», – адзначае румынская выданне рэдакцыі Deutsche Welle.
«Вынік дваццацігадовага існавання ведамства сведчыць пра тое, што яно прыцягнула да суда 15 тысяч чалавек, у тым ліку: 400 мэраў, 160 суддзяў, 60 членаў урада, двух кіраўнікоў урада (Віктар Понту і Адрыяна Нэстасе), а таксама тысячу паліцыянтаў. Сваіх рэкордных вынікаў антыкарупцыйнае ведамства дасягнула ў тыя часы, калі гэты орган узначальвалі Лаўра Кодруца Кёвешы (2013-2018 гады) і Даніэль Марару (2005-2013 гады). У цяперашніх пракурораў па барацьбе з карупцыяй энтузіязму папярэднікаў не назіраецца: справа барацьбы з маштабнай карупцыяй не карыстаецца падтрымкай у палітычных вярхах», – канстатуе румынскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Artykuł Агляд прэсы: новыя правілы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.