Прысуд па справе аб „спробе дзяржперавароту” ў Беларусі аб’явяць 5 верасня
Прысуд па справе аб „спробе дзяржаўнага перавароту” ў Беларусі аб’явяць 5 верасня а 12-й гадзіне. Сёння, 31 жніўня, працягваліся спрэчкі бакоў і выступалі з апошнім словам абвінавачаныя.
Адвакаты „змоўшчыкаў” заклікалі суд іх апраўдаць. Пракурор запатрабаваў для Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва па 12 гадоў калоніі, для Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — па тры гады.
Абвінавачанні Галубовіч і Краўчука звязаны не са „змовай”, а з „актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Фядута і Кастусёў, як і Зянковіч, абвінавачваюцца ў „змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Юрыя Зянковіча таксама абвінавачваюць у „стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім”, „публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады” і „распальванні сацыяльнай варожасці”. Пры гэтым ён адзіны, хто пайшоў на здзелку са следствам.
Усе абвінавачаныя за кратамі з вясны мінулага года. Па версіі следства, у Беларусі рыхтаваўся „дзяржаўны пераварот”. З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за „змоўшчыкамі” працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Прысуд па справе аб „спробе дзяржперавароту” ў Беларусі аб’явяць 5 верасня pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.