Апазыцыя не заклікала на пратэсты з нагоды сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Чаму?
У мінулым сьнежні перамовы Пуціна і Лукашэнкі пра «паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі выклікалі ў Менску і іншых гарадах Беларусі хвалю вулічных пратэстаў. Цяпер жа на пратэсты ніхто з апазыцыі не заклікаў.
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які ў сьнежні заклікаў на акцыі і фактычна ўзначаліў пратэст, сказаў Свабодзе, што цяпер ня чуў анонсаў мітынгаў, зьвязаных з сустрэчай кіраўнікоў Беларусі і Расеі.
«Мы паглядзім, што там 7-га будзе адбывацца, і па выніках будзем вырашаць, — тлумачыць Севярынец. — Пакуль выглядае на тое, што яны не дамовіліся. Ведаючы іх, можна сказаць, што ў іх праблемаў на не адну сустрэчу. У залежнасьці ад таго, што яны там пагавораць і што за тэмы будуць фігураваць, мы будзем прымаць меры.
Мы ў любым разе пільна сочым за тым, што там адбываецца, і разумеем, што тэму інтэграцыі яны могуць уключыць у любы момант. Гэтак жа ў любы момант беларускі народ можа зноў выйсьці на пратэст».
Ня чуў пра пляны на пратэсты і паплечнік Севярынца па правацэнтрысцкай кааліцыі, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Мая пэрсанальная ацэнка — ня мае сэнсу рэагаваць пратэстамі і выхадам людзей на кожны чых з боку Лукашэнкі, — разважае Губарэвіч у камэнтары Свабодзе. — Такіх сустрэчаў ён можа рабіць па 20 на год. І мы будзем кожны раз празь беларускія суды фінансаваць ягоную сыстэму, якая зьбірае проста аграменныя штрафы?
Сілы трэба назапашваць і мабілізаваць у той момант, калі ўзьнікае рэальная пагроза: калі ёсьць дакумэнт, які плянуюць падпісаць, калі вядомы зьмест гэтага дакумэнту, што ён нясе пагрозу беларускай незалежнасьці… Кожны раз заклікаць на пратэст — дык калі пагроза будзе рэальнай, то ніхто і ня выйдзе».
Яшчэ адзін часты лідэр вулічных пратэстаў апошніх гадоў Мікола Статкевіч пацьвердзіў Свабодзе, што таксама ня чуў пра пляны на акцыі, прымеркаваныя да сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Заклікаў на акцыі не ўлалося знайсьці ні ў іншых праціўнікаў інтэгрыцыі, ні ў прарасейскіх сілаў.