Кіраўніцтва Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выступіла з заявай
Кіруючы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП) заклікаў улады Расеі і Беларусі „забяспечыць празрыстасць і інклюзіўнасць працэсу перамоў аб паглыбленай інтэграцыі”.
У апублікаванай 4 снежня заяве камітэта адзначаецца, што з канца 2018 года ўлады абедзвюх краін „вядуць перамовы аб паглыбленай інтэграцыі, якая можа паставіць пад пагрозу суверэнітэт Рэспублікі Беларусь і захаванне правоў яе грамадзян”. На 8 снежня прызначаная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расеі, падчас якой плануецца падпісанне пакета новых інтэграцыйных дакументаў.
Аўтары заявы адзначаюць, што працэс паглыбленай інтэграцыі „выклікае глыбокую занепакоенасць з боку грамадзянскай супольнасці Беларусі і іншых краін з-за наступнага шэрагу прычын”:
– адсутнічае празрыстасць і доступ грамадзян да дакладнай інфармацыі: усе перамовы аб паглыбленай інтэграцыі праходзяць у закрытым рэжыме, дакументы абмежаваныя для доступу грамадскасці і засакрэчаныя грыфам „для службовага карыстання”;
– адсутнічаюць інклюзіўнасць і грамадзянскі кантроль: ніякія грамадскія арганізацыі, мясцовыя супольнасці, суб’екты прыватнага бізнесу, прафесійныя саюзы Беларусі не ўключаныя ў працэс абмеркавання і падрыхтоўкі інтэграцыйных дакументаў;
– падчас міждзяржаўных перамоў аб паглыбленні інтэграцыі ёсць відавочная няроўнасць бакоў і залежнасць Беларусі ад Расеі.
Усё гэта, падкрэсліваецца ў заяве, адбываецца на фоне фарміравання новага парламента Рэспублікі Беларусь у выніку выбараў, якія прызнаныя міжнароднымі і нацыянальнымі незалежнымі місіямі назірання не адпаведнымі міжнародным стандартам.
Аўтары заявы заклікаюць улады Беларусі прыняць змены ў заканадаўства аб выбарах, аб мірных сходах, аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, адмяніць адміністрацыйную адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, спыніць націск на журналістаў-фрылансараў і прадстаўнікоў незалежных СМІ, палітычна матываваны адміністрацыйны і крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў, рэабілітаваць былых палітвязняў.
Улады Расеі і Беларусі аўтары заявы заклікаюць „забяспечыць празрыстасць і інклюзіўнасць працэсу перамоў аб паглыбленай інтэграцыі і паўнавартасны ўлік меркавання грамадзян Беларусі і Расеі наконт гэтага”.
„Звяртаем увагу, што бягучы працэс паглыбленай інтэграцыі з Расеяй мае прыкметы прымусу Беларусі да адмовы ад суверэнітэту і абапіраецца на інструменты эканамічнага шантажу з боку Расіі”, — гаворыцца ў заяве.
Яе аўтары заклікаюць прадстаўнікоў Еўразвяза і краін — членаў ЕЗ „прыняць да ўвагі, што з прычыны нетранспарэнтнасці і адсутнасці інклюзіўнасці ў працэсе паглыбленай інтэграцыі, а таксама з прычыны адсутнасці ў Беларусі механізмаў дэмакратычнага прадстаўніцтва і захавання правоў чалавека рашэнні яе ўладаў не адлюстроўваюць думкі грамадзянскай супольнасці і народа Беларусі наконт інтэграцыі з Расеяй”.
„Падкрэсліваем, што ў цяперашніх умовах ніякія інтэграцыйныя дамоўленасці Беларусі і РФ не павінны прызнавацца міжнароднай супольнасцю легітымнымі”, — гаворыцца ў заяве.
belapan.by