Брошка
Міхась і Сабіна Зацішок збіраліся на вяселле. Не ў сваю вёску Асташкі, дзе як ні прыбярэшся — усяляк добра, а ў сталіцу: жаніў сына Міхасёў брат Сцяпан. З самай раніцы Сабіна дастала з шафы блакітную сукенку і павесіла на дзверы, што вялі ў большы пакой. Уборы мужа таксама павесіла навідавоку. — Як ты думаеш, мусіць,
Малюнак Яўгена Іванова
Міхась і Сабіна Зацішок збіраліся на вяселле. Не ў сваю вёску Асташкі, дзе як ні прыбярэшся — усяляк добра, а ў сталіцу: жаніў сына Міхасёў брат Сцяпан. З самай раніцы Сабіна дастала з шафы блакітную сукенку і павесіла на дзверы, што вялі ў большы пакой. Уборы мужа таксама павесіла навідавоку.
— Як ты думаеш, мусіць, трэба залатую брошку прычапіць, што ты летась падарыў мне на юбілей? — спытала ў Міхася.
— Чапляй, што мне да гэтага.
— Вось ты заўсёды так: не падкажаш, не параіш, як іншыя мужы. Нібыта ўсё роўна, як твая жонка будзе выглядаць сярод шаноўных людзей.
— І што тут дзіўнага? Мы жанатыя больш як дзесяць гадоў, не маладыя, каб любавацца адзін на другога.
— Ат, што з табой гаварыць, — махнула рукой Сабіна і палезла ў шафу, дзе ў невялікай шкатулцы хавала свае ўпрыгожванні. Глянула, але вока не ўлавіла там запаветнай ізумруднай брошачкі з залатой акантоўкай. Высыпала ўсё на ложак, пагартала. Брошкі не было.
— Нехта ўкраў! — ледзь не закрычала, і яе поўны твар пакрыўся чырванню.
— Каму патрэбна такое шчасце? — Міхась, што галіўся перад люстэркам, павярнуў да яе галаву.
— Што ты вярзеш, каму патрэбна?! Ды такая рэч усім патрэбна.
— Не гавары абы-чаго! Ніхто да нас у шафу не палез, каб красці, бо рэдка хто заходзіць у хату.
— Сынок! — Сабіна адчыніла акно і гукнула свайго Ігарка-другакласніка, што майстраваў на двары нейкую цацку, схаваўшыся ў цяньку старой ліпы. — Хто з дзяцей да цябе гуляць прыходзіў апошнім часам?
— Ніхто… Толькі Алег Куранкоў… Ён кожны дзень прыходзіць.
— А заставаўся ў хаце адзін? Можа, ты чаго выходзіў, а ён застаўся? Падумай.
— А што тут думаць? Учора я выходзіў у камору па сала, а ён быў адзін.
— І доўга?
— Ну не надта… Пакуль я сала адрэзаў, паклаў назад у кубелец, ён у зале глядзеў тэлевізар. Потым я пайшоў на кухню, парэзаў сала на дошчачцы, каб было мне і яму, узяў хлеба, і мы пайшлі на надворак.
— Яго работа! Ён ўкраў залатую брошачку! Галота! Бацькі мокнуць у віне, у хаце ні ўзяць ні ўцяць, дык дзіця і расце
злодзеем.
— Ты ж не злавіла за руку. — заступіўся за суседскага хлопчыка Міхась.
— Маўчы! Трэба ўчастковаму заявіць, няхай у іх зробіць вобыск! Я ўпэўнена, што знойдзе.
— Не трэба. Хлопчык і так гаруе, а ты яго ў міліцыю. На ўлік паставяць… Я сам разбяруся.
— Разбірайся!
Міхась пайшоў да дырэктара школы Валянціна Глебавіча — чалавека сталага, памяркоўнага, які адзінока жыў непадалёку, і ўсё яму расказаў:
— Жонка думае, што ўкраў Алег Куранкоў. Трэба знайсці да хлопчыка падыход, выявіць, ці сапраўды ён, бо міліцыяй прыгразіла. Мо вы дапаможаце?
— Паспрабую…
Дырэктар падпільнаваў хлопчыка на вуліцы і паклікаў у свой дом. Спытаў проста, знянацку:
— Скажы, Алежка, навошта ты ўзяў у Ігарковай мамы брошку?
— Я не браў… — насупіўся малы і апусціў долу блакітныя вочкі. — Не я гэта…
Па яго выглядзе дырэктар зразумеў: браў.
— Не выкручвайся, гэта не па-мужчынску. І навошта ты ўзяў?
Хлопчык стаў сапці, а потым голасна заплакаў:
— У маёй мамы сёння дзень нараджэння, і я хацеў ёй падарыць…
— Трэба, каб твая мама аддала брошку, і мы занясём цётцы Сабіне. Красці — вялікі грэх. Цябе, як падрасцеш, за гэта пасадзяць у турму, дзе сядзяць нядобрыя людзі.
— Валянцін Глебавіч, я ж не падарыў, няма ў яе…
— Чаму?
— Згубіў учора… Паклаў у кішэню штаноў, а яна дзіравая. Як гулялі ў футбол, брошка вывалілася. Я потым да вечара ў пяску капаўся, усё абшукаў і нідзе не знайшоў…
— Так, браток, уліплі мы з табой у гісторыю. Трэба неяк з яе выбірацца. Падыдзі да мяне пасля полудня, я нешта прыдумаю.
Дырэктар адразу ж пайшоў у хату да Зацішкоў:
— Міхаіл Арцёмавіч, колькі вы заплацілі за тую брошку, што падарылі жонцы?
— Чаму пытаеце?
— Я вярну грошы, бо тая брошка недзе згублена і наўрад ці мы яе знойдзем, — ён расказаў тое, што пачуў ад Алежкі.
— Падманвае! — узвілася Сабіна. — Вы заплаціце грошы, а праз нейкі час суседка будзе фарсіць з ёй.
— Я веру хлопчыку. Аддам грошы, а вы сабе купіце другую.
— Такую не куплю!
— Ну хіба гэта так важна? Калі і не такую… Давайце пашкадуем дзіця. Ён шчыра перажывае, ажно глядзець балюча.
— От, што з бабай гаварыць! — Міхась накіраваўся да парога.
Праз нейкі час ён вярнуўся і паклаў купюры на стол:
— На, тут больш, чым каштавала тая цацка. Я не хацеў браць, але дырэктар прымусіў. Купляй сабе якую хочаш.
— Дзіўны чалавек наш Валянцін Глебавіч. — Сабіна ўзяла грошы, пералічыла. — Столькі даў, каб абараніць ад пакарання чужое дзіця…
— Залаты чалавек… Цяпер яны з Алежкам пайшлі ў магазін па падарунак для мамы, бо сёння ж у яе дзень нараджэння. Сказаў, нельга без падарунка…