На Берасцейшчыне выяўлены толькі адзін выпадак COVID-19
Гэта вынікае з афіцыйнай інфармацыі дзяржаўнай установы „Берасцейскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”.
Сайт установы таксама паведамляе пра ўзмацненне санітарна-каранціннага кантролю ў пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь і падае апошнюю афіцыйную статыстыку:
– Па стану на 8:00 3-га красавіка 2020 года, за апошнія суткі прайшлі санітарна-каранцінны кантроль 1195 чалавек. Усяго ў вобласці з прыкметамі вострай рэсператорнай інфекцыі шпіталізавана ў стацыянары 105 чалавек, якія прыбылі з краін, дзе зарэгістраваны выпадкі каронавіруснай інфекцыі, а таксама тыя, якія былі ў кантакце з захварэўшымі. Пад медыцынскім наглядам дома знаходзіцца 3500 чалавек. На тэрыторыі Берасцейскай вобласці выяўлены станоўчы тэст на COVID-19 у адной асобы, якая знаходзіцца пад назіраннем.
„З захадамі прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі, а таксама парадкам самаізаляцыі вы можаце азнаёміцца ў рубрыцы „Усё пра каронавірус” на нашым сайце”, – падсумоўваюць эпідэміёлагі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце