Арына Сабаленка згуляе з Сымонай Халеп у 1/4 турніру ў Адэлаідзе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў аўстралійскай Адэлаідзе. У матчы 1/8 фіналу беларуска, якая займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла амерыканскую тэнісістку Бярнарду Перу, у якой 70-я пазіцыя – 7:6 (7:4), 6:2. У паядынку за выхад у паўфінал Арына Сабаленка згуляе з чацвёртай ракеткай свету румынкай Сымонай Халеп.
Капотны „МАЗ” Сяргея Вязовіча захоўвае 3-ю пазіцыю ў агульным заліку пасля дзясятага этапу „Дакара”
Экіпаж „МАЗ-СПОРТаўта” з кіроўцам Сяргеям Вязовічам захоўвае трэцюю пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі грузавікоў пасля дзясятага этапу ралі „Дакара”. Беларусы саступаюць у агульным заліку лідару гонкі 1 гадзіну 40 хвілін. На першай пазіцыі знаходзіцца экіпаж „КАМАЗ-майстар” Андрэя Каргінава. Другое месца займае яго партнёр па камандзе экіпаж Антона Шыбалава. Дыстанцыя дзясятага этапу гонкі павінна была скласці 534 кіламетры, але з-за моцнага ветру арганізатары вырашылі спыніць караван ў канцы зоны нейтралізацыі і залічыць вынікі этапу пасля 223 км. Першым стаў грузавік расейскага „КАМАЗ-майстар”, якім кіраваў Антон Шыбалаў. Другую і трэцюю пазіцыі занялі таксама экіпажы „КАМАЗ” – Дзмітрыя Сотнікава і Эдуарда Мікалаева. Экіпаж Сяргея Вязовіча фінішаваў 19-м.
Чыдзі Асучукву пакінуў берасцейскае „Дынама”
Паўабаронца Чыдзі Асучукву пакінуў берасцейскае „Дынама”. 26-гадовы нігерыец выступаў за беларускі клуб на працягу трох сезонаў і за гэты час прыняў удзел у 56 паядынках і забіў 7 мячоў. Галкіпер Аляксандр Гутар таксама пакінуў „Дынама”, – паведамляе афіцыйны сайт клуба. Футбаліст выступаў у складзе берасцейцаў на працягу двух сезонаў. Па выніках сезона-2019 Аляксандр быў прызнаны найлепшым галкіперам Беларусі. Гутара заменіць Сяргей Ігнатовіч, які, па звестках „Прэсбола”, працягне кар’еру ў „Дынама”. Раней паведамлялася, што брамнік вядзе перамовы аб заключэнні кантракту з „Тарпеда”-БелАЗ.
Расціслаў Зінавенка прызнаны зоркай дня ў МХЛ
Беларускі галкіпер ОЭРДЖІ Расціслаў Зінавенка прызнаны зоркай дня ў МХЛ. Брамнік адбіў 49 кідкоў, аформіў першы „сухар” у МХЛ і дапамог сваёй камандзе упершыню перамагчы за 47 гульняў.
Абаронца „Ален Амерыканс” Сцяпан Фалькоўскі запісаў у актыў, два галы і адну дзейсную перадачу і быў прызнаны першай зоркай матчу з „Ютай Грызліз”. Выніковы стрэл беларускага хакеіста ў овертайме прынёс перамогу гаспадарам – 6:5. З 61 ачком у 42 матчах „Ален” працягвае лідыраваць у рэгулярным чэмпіянаце Заходняй канадскай хакейнай лігі, а Сцяпан Фалькоўскі ў 30 гульнях набраў 23 (9+14) ачкі. Ён лепшы бамбардзір сярод абаронцаў каманды і другі бамбардзір сярод усіх гульцоў абароны лігі.