Ізраільскі пілёт прыкрываўся расейскім самалётам, — Міністэрства абароны РФ
Прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашэнкаў назваў «варожымі» дзеяньні ізраільскага пілёта падчас крушэньня расейскага ІЛ-20. Такія заявы прагучалі падчас афіцыйнага брыфінгу ў Міністэрстве абароны.
Вынікі брыфінгу паведамляе РБК.
Паводле словаў Ігара Канашэнкава, лётчык ізраільскага самалёта F-16, які ажыцьцяўляў атаку на Сірыю, не мог не разумець, што расейскі Іл-20, які заходзіў на пасадку, стане мэтай для СПА Сірыі, і фактычна прыкрыўся ім.
У расейскім Міністэрстве лічаць, што падзеі разьвіваліся наступным чынам. Пасьля першай атакі на аб’екты ў правінцыі Латакія ізраільскія самалёты адышлі на бясьпечную адлегласьць. Аднак калі расейскі Іл-20 стаў заходзіць на пасадку, то адзін з ізраільскіх F-16 зноў наблізіўся да ўзьбярэжжа. Гэта магло быць інтэрпрэтаванае як паўторны выхад на атаку.
Паводле Ігара Канашэнкава, ізраільскі лётчык ня мог ня ведаць, што сірыйскія СПА праз свае прыборы маглі палічыць Іл-20 групай самалётаў, а таму адкрылі па ім агонь.
Камандзір ІЛ-20 пасьпеў паведаміць пра пажар на борце, пасьля самалёт зьнік з экранаў радараў.
Міністэрства абароны РФ лічыць, што ў дзеяньнях Ізраіля меў месца «непрафесыяналізм» ці «злачынная халатнасьць».
«Віна ў трагедыі цалкам ляжыць на ВВС Ізраіля і тых, хто прымаў рашэньне аб такіх дзеяньнях», — адзначыў Канашэнкаў, назваўшы эпізод «авантурызмам ізраільскіх ваенных».
Расейскі вайсковы самалёт Іл-20 быў зьбіты агнём сырыйскай СПА ў ноч на 18 верасьня. Загінулі 15 расейскіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны Расеі абвінаваціла ў тым, што адбылося Ізраіль.
У расейскім ведамстве сьцьвярджаюць, што ізраільскія зьнішчальнікі падчас нападу на вайсковыя аб’екты ўрадавых сіл у сырыйскай правінцыі Латакія нібыта выкарыстоўвалі Іл-20 як прыкрыцьцё і падставілі яго пад удар. Ізраіль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і ўскладае адказнасьць за гібель расейскага самалёту на войскі Башара Асада, адзначыўшы, што на момант крушэньня Іл-20 ізраільскія зьнішчальнікі ўжо знаходзіліся ў паветранай прасторы сваёй краіны.